Амаль палова апытаных беларусаў лічаць Усебеларускі народны сход «спэктаклем», які ўлада разыгрывае перад грамадзтвам». Пра гэта сьведчаць вынікі праведзенага ў чэрвені Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД, Вільня) нацыянальнага апытаньня.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу НІСЭПД, толькі 28% апытаных пагадзіліся з тым, што Ўсебеларускія народныя сходы «зьяўляюцца найвышэйшай формай народаўладзьдзя».
Характэрна, што аналягічна апытаныя ацанілі й Кангрэс дэмакратычных сілаў, у апошні момант перайменаваны ў Нацыянальны кангрэс, які прайшоў у траўні. Толькі 28,2% пагадзіліся з тым, што гэты форум «зьяўляецца вышэйшай формай выразы нязгоды народа з палітыкай уладаў», а амаль 45% лічаць, што «гэта «спэктакль», які апазыцыя разыгрывае перад грамадзтвам».
Такім чынам, рэзюмуе прэс-служба НІСЭПД, у наяўнасьці расьце расчараваньне палітыкай як уладаў, так і апазыцыі.
Як адзначаюць сацыёлягі, «у цэлым патэнцыял пратэсту застаецца па-ранейшаму невысокім». Хоць рэйтынг апазыцыйных палітычных партый у апошні час павысіўся (у сакавіку было 11,3%, зараз 21,3%), то рэйтынгі самых вядомых апазыцыйных лідараў застаюцца несувымерныя з рэйтынгам Аляксандра Лукашэнкі. Калі б заўтра зноў адбыліся выбары прэзыдэнта Беларусі, за Тацьцяну Караткевіч прагаласавалі б 5,1%, за Мікалая Статкевіча – 4,5%, за Уладзіміра Някляева й Аляксандра Мілінкевіча – па 3,1%.
«Адсутнасьць прывабнай унутранай альтэрнатывы нароўні з вонкавымі выклікамі стрымліваюць радыкалізацыю крытычнага стаўленьня да ўлады: хоць у параўнаньні з сакавіком рэйтынг даверу Аляксандру Лукашэнку зьнізіўся з 41,7% да 38,6%, яго электаральны рэйтынг падрос з 27,3% да 29,5%», – паведамляе прэс-служба НІСЭПД.
Тым ня менш, сьведчыць апытаньне, жаданьне пераменаў у беларускім грамадзтве не памяншаецца: калі дзесяць гадоў таму для 53,4% апытаных важней было захаваньне бягучага становішча, а для 37,8% – яго зьмена, то сёньня за захаваньне – толькі 25,2%, а за зьмяненьне – 65,5%.
«Найбольш рэалістычным і пажаданым варыянтам пераменаў для большасьці беларусаў застаюцца выбары й рэфэрэндумы, хоць іх прывабнасьць паступова зьніжаецца (два гады таму іх называлі 50,1% і 29,4%, а сёньня – 44,1% і 26,2%), а вулічных пратэстаў – зноў павышаецца (два гады таму іх называлі 8%, а сёньня 14,7%)», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
naviny.by/ав