„Гавары праўду!” прэзэнтавала кандыдатаў на выбары
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
25.06.2016 14:11
Самаму маладому вылучэнцу 23 гады, самаму старэйшаму — 65.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Сёньня ў Менску грамадзянская кампанія „Гавары праўду!” прадставіла сваіх кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў 2016 году.
На сёньня ў парлямэнцкім сьпісе 29 чалавек. Усе яны на наступным тыдні пададуць у акруговыя выбарчыя камісіі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэньні іх кандыдатамі ў дэпутаты.
Сярод тых, хто будзе змагацца за дэпутацкі мандат лідары „Гавары праўду!” Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, былы старшыня рагачоўскага гарвыканкаму Мікалай Камароўскі, бізнэсоўцы Аляксандар Снар і Ўладзімер Мшар, намесьнік дырэктара будаўнічай кампаніі Іна Кушнэр, кіраўнікі фэрмэрскіх гаспадарак Ігар Грышанаў і Дзяніс Фількай.
Самаму маладому вылучэнцу 23 гады, самаму старэйшаму — 65.
Адметная рыса парлямэнцкага сьпісу „Гавары праўду!” у тым, што гэта новыя асобы беларускай палітыкі. З 29 прэтэндэнтаў толькі 5 маюць досьвед удзелу ў парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты, а 2/3 сьпісу раней наогул ня мелі дачыненьня да актыўнай палітыкі — яны далучыліся да «Гавары праўду» ў выніку прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч.
Сама Тацяна Караткевіч заявіла, што яна ўдзельнічае ў цяперашніх выбарах пад лёзунгам „дабрабыт у кожны дом”. Пад гэтым лёзунгам пойдуць на выбары й іншыя кандыдаты ад „Гавары праўду!”.
Між тым у „Гавары праўду!” лічаць, што праз пэўны час сьпіс з 29 чалавек можа быць пашыраны за кошт уключэньня ў яго новых кандыдатаў, якія „падзяляюць стратэгію мірных пераменаў”.
Сярод 29 кандыдатаў ад „Гавары праўду!” 26 беспартыйных, а трое прадстаўляюць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада).
svaboda.org/аз