БНФ скептычна ставіцца да Ўсебеларускага народнага сходу
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
19.06.2016 11:36
На парлямэнцкія выбары БНФ ідзе «выключна» са сваім сьпісам кандыдатаў у дэпутаты і пасланьнем да беларускага выбаршчыка.
www.narodny.org
Усебеларускі народны сход ня можа быць прызнаны легітымным выразьнікам волі беларускага народу, бо сфармаваны дырэктыўна органамі выканаўчай улады і не зьяўляецца органам народаўладзьдзя. Пра гэта гаворыцца ў заяве сойму Партыі БНФ, прынятай 18 чэрвеня.
Сойм таксама пацьвердзіў, што на парлямэнцкія выбары 2016 году БНФ ідзе «выключна» са сваім сьпісам кандыдатаў у дэпутаты і пасланьнем да беларускага выбаршчыка.
Разгляд гэтага пытаньня быў выкліканы прапановамі, што паступілі ў партыю, аб правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных кандыдатаў, фарміраваньні сумеснага пасланьня або сумесных сьпісаў кандыдатаў у дэпутаты. У рэзалюцыі сойму падкрэсьліваецца, што Партыя БНФ «адзінай мэтазгоднай формай узаемадзеяньня з палітычнымі суб’ектамі падчас кампаніі 2016 году бачыць кампанію назіраньня «Права выбару».
Партыя БНФ і ГА «БНФ «Адраджэньне» вылучылі каля 30 сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій, якія фарміруюцца для працы на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Таксама партыя і аб’яднаньне вылучылі пяць прадстаўнікоў у склад пяці абласных камісій і аднаго ў Менскую гарадзкую тэрытарыяльную камісію. Акрамя таго, былі вылучаныя назіральнікі ў Цэнтрвыбаркам. Імі сталі Юры Чавусаў і Ігар Лялькоў.
Пяты Ўсебеларускі народны сход адбудзецца 22–23 чэрвеня ў Менску. На яго абмеркаваньне будуць вынесеныя асноўныя палажэньні Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады.
Парлямэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 верасьня.
svaboda.org/нг