Беларускага амбасадара выклікалі ў МЗС Летувы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.05.2016 16:17
Літва запатрабавала ў Беларусі тлумачэньняў наконт магчымай аварыі на Астравецкай АЭС.
pixabay.com/CC0 Public Domain
Міністэрства замежных спраў Летувы ўручыла ноту амбасадару Беларусі наконт магчымага інцыдэнту на Асатравецкай АЭС, разьмешчанай за 50 км ад Вільні. Пра гэта 5 траўня журналістам паведаміў кіраўнік летувіскай дыпляматыі Лінас Лінкявічус.
„Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры. А сёньня ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваньнем тлумачэньняў гэтага інцыдэнту або аварыі”, — заявіў летувіскі міністар.
Перад гэтым тэлеканал „Белсат” паведаміў, што ў сярэдзіне красавіка на будаўніцтве Астравецкай АЭС нібыта адбылася аварыя: абвалілася частка апорнай канструкцыі будучага будынка кантролю ядзернай бясьпекі. Незалежным беларускім журналістам пра гэта распавёў работнік адной з арганізацый Пінска, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве АЭС. Ён дадаў, што гэта ня першы інцыдэнт на будаўніцтве, але адказнасьць за іх пакуль ні на каго не ўскладзеная.
Прадстаўнікі Астравецкай АЭС гэтую інфармацыю абверглі. Амбасада Беларусі ў Вільні паведаміла летувіскім журналістам, што не валодае ніякай інфармацыяй пра такі інцыдэнт. Разам з тым беларускія дыпляматы спаслаліся на паведамленьні ў беларускіх СМІ, дзе прадстаўнік электрастанцыі абвяргае зьвесткі пра аварыю.
delfi.lt/аз