Logo Polskiego Radia
Print

Рада БНР: Адказнасьць за катастрофу на ЧАЭС нясе камуністычны рэжым

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.04.2016 13:55
Рада БНР заклікае ўлады да адказнай палітыкі ў энэргетыцы.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая знаходзіцца ў эміграцыі, выступіла з заявай у сувязі з 30-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС. „Рада БНР заяўляе, што прамую адказнасьць за чарнобыльскую катастрофу й яе наступствы для Беларусі нясе таталітарны камуністычны рэжым — як цэнтральныя агульнасаюзныя ўлады, так і акупацыйныя “рэспубліканскія” ўлады БССР”, — гаворыцца ў заяве, тэкст якой разьмешчаны на старонцы Рады БНР у „Фэйсбуку”.

Сама чарнобыльская катастрофа сталася вынікам неэфэктыўнага савецкага гаспадараньня, неэфэктыўных савецкіх тэхналёгій і хібаў пры выкананьні праектных і будаўнічых работ, лічаць у арганізацыі. Пасьля аварыі ўлады імкнуліся замоўчваць ці заніжаць маштабы таго, што адбылося, а таксама „праявілі злачынную бязьдзейнасьць у найбольш крытычныя першыя дні пасьля аварыі, праводзячы ў звычайным рэжыме першамайскія масавыя мерапрыемствы”, адзначаюць у Радзе БНР.

„Паводле наяўнай інфармацыі, савецкая авіяцыя наўмысна асаджала радыеактыўныя хмары на тэрыторыі Магілёўшчыны й Гомельшчыны, каб яны не пайшлі далей у бок Расеі й Масквы”, — лічаць у Радзе БНР.

У заяве таксама адзначаецца: „Рада БНР канстатуе, што рэжым Лукашэнкі яшчэ з 90-х гадоў праводзіць палітыку па рэкультывацыі чарнобыльскіх тэрыторый і адзначыўся рэпрэсіямі супраць навукоўцаў, якія папярэджваюць пра небясьпеку гэткай палітыкі. Забруджаныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчай вытворчасьці. Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС пазбаўленыя льгот”.

Таксама Рада БНР заклікае ўлады да адказнай палітыкі ў энэргетыцы, сельскай гаспадарцы й разьвіцьці тэрыторый і патрабуе прыпыненьня будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі да моманту паўнавартаснага, адкрытага й справядлівага абмеркаваньня гэтага пытаньня ў беларускім грамадзтве.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт