Беларусь па-ранейшаму на 157-м месцы ў Індэксе свабоды прэсы
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
20.04.2016 12:13
"Сытуацыя ў галіне свабоды прэсы на постсавецкай прасторы ўсё больш катастрафічная", – канстатуе арганізацыя.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» апублікавала сёньня новы Сусьветны Індэкс свабоды прэсы. «Расьце паранойя ў дачыненьні да журналістаў, – канстатуюць «Рэпарцёры». – Агульная дынаміка сьведчыць пра паўсюдны страх і ціск, да якіх дадаецца ўсё больш моцны кантроль над рэдакцыямі з боку дзяржаў і прыватных асоб».
У Індэксе прадстаўлена 180 краін. Верхнія радкі займаюць Фінляндыя, Галяндыя й Нарвэгія. У самым канцы сьпісу – Туркмэністан (178 пазыцыя), Паўночная Карэя (179 пазыцыя) і Эрытрэя (180 пазыцыя).
Беларусь у Індэксе, як і ў 2015-м, і ў 2014-м гадах, стаіць на 157-й пазыцыі.
«Нязьменныя дэспаты Ўзбэкістана (166-ы радок), Казахстана (160-ы), Туркмэністана (178-ы), Азэрбайджана (163-ы) і Беларусі (157-ы) з даўніх часоў аддаюцца свайму любімаму занятку: яны хапаюцца за выдуманыя пагрозы й выхваляюцца наяўнасьцю стабільнасьці, каб апраўдаць уласную ўладу», – гаворыцца ў прэс-рэлізе «Рэпарцёраў».
«Сытуацыя ў галіне свабоды прэсы на постсавецкай прасторы ўсё больш катастрафічная, – канстатуе арганізацыя. – Прыблізна дзьве траціны краін гэтага рэгіёну разьмясьціліся ў раёне 150-га радка Сусьветнага Індэкса свабоды прэсы й нават ніжэй, і гэтыя паказчыкі працягваюць пагаршацца. Паляпшэньне рэйтынгу Расеі, якая ў гэтым годзе паднялася на 4 радкі (148-е месца) – не падстава для ілюзій: адначасовае скарачэньне колькасьці яе балаў даказвае, што цэнзура й перасьлед усіх крытыкаў дзейнай улады дасягнулі тут небывалых маштабаў, якіх Расея ня ведала за апошнія тры дзясяткі гадоў».
Сярод істотных зьмен у рэйтынгу – паляпшэньне сытуацыі ў Тунісе (96 месца, +30 пазыцый) дзякуючы зьніжэньню колькасьці нападаў на журналістаў і судовых працэсаў супраць іх; Украіна паднялася на 22 пазыцыі да 107 месца дзякуючы заціханьню канфлікту. «Зь іншага боку, мы назіраем падзеньне ў рэйтынгу Польшчы (47-ая, -29 пазыцый)», – пішуць «Рэпарцёры».
baj.by/ав