Logo Polskiego Radia
Print

Сытуацыя НДА ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.02.2016 14:30
Апісваецца ў аглядзе пра стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2015 год.

У дакумэнце даецца аналіз разьвіцьця заканадаўства ў сфэры некамэрцыйнага права ў мінулым годзе, акрэсьленыя асноўныя абмежаваньні, зь якімі сутыкаюцца некамэрцыйныя арганізацыі (НКА), прадстаўленыя статыстыка па рэгістрацыі новых НКА і агляд практыкі адмоваў у рэгістрацыі.

Аўтары агляду падкрэсьліваюць, што ў цэлым у мінулым годзе засталіся бязь зьменаў усе ранейшыя прававыя абмежаваньні і правапрымяняльная практыка па ўсіх аспэктах стварэньня і дзейнасьці НКА. Ідзецца пра абавязковую рэгістрацыю замежных ахвяраваньняў ды крымінальную адказнасьць за парушэньне дадзенага правіла.

Адзіная зьмена датычыла міжнароднай тэхнічнай дапамогі, адносна якой былі зьнятыя некаторыя бюракратычныя бар'еры. У Беларусі створаны Цэнтар міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўрапейскага Зьвяза, а таксама прадугледжанае стварэньне Каардынацыйнага савету пры камісіі па пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, няўрадавага сэктара.

У аглядзе адзначаецца, што надалей складаным застаецца працэдура рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў, партыяў, фондаў. Дзяржава можа адмовіць у рэгістрацыі любой новастворанай арганізацыі на малазначных падставах. Органы юстыцыі адмаўлялі ў рэгістрацыі шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў, якія цягам 2015 года падавалі дакумэнты для рэгістрацыі.

Захоўваецца забарона на дзейнасьць НДА безь дзяржаўнай рэгістрацыі, за якую прадугледжаная пакараньне да двух гадоў пазбаўленьня волі. Экспэрты лічаць гэта істотным абмяжоўваньнем свабоды асацыяцыяў і магчымасьці для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Паводле цэнтру “Вясна”/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт