БХД стварае Камітэт выратаваньня прадпрымальніцтва
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
13.02.2016 12:21
Сход ініцыятыўнай групы камітэта прайшоў 11 лютага ў Менску.
Photo: bchd.info
Аргкамітэт партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” прыняў рашэньне дапамагчы прадпрымальніцкаму руху Беларусі й стварае Камітэт выратаваньня прадпрымальніцтва.
Як паведаміў сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец, 11 лютага ў Менску прайшоў сход ініцыятыўнай групы камітэта, у які ўвайшлі 12 чалавек: ІП з Гродна й Гарадзенскага раёна, Гомеля, Менска й Менскага раёна, Слоніма, Кобрына, а таксама актывісты БХД.
„Людзі, якія сабраліся, ня вераць уладзе, што яна здолее вырашыць праблемы прадпрымальнікаў”, - адзначыў Севярынец.
Паводле яго, ініцыятыўная група мае намер выступіць са зваротам да ўладаў 15 лютага, а на 25 лютага ў Менску заплянаваная „шырокая сустрэча для каардынацыі намаганьняў у справе абароны правоў і інтарэсаў прадпрымальнікаў”.
Нагадаем, 1 студзеня 2016 году ў Беларусі набыў моц указ прэзыдэнта № 222 „Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці й рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі й іншымі фізычнымі асобамі”.
Згодна з дакумэнтам ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі.
Прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што ня могуць выканаць патрабаваньнаў указа, бо большасьць расейскіх пастаўшчыкоў, у якіх яны закупляюць тавар, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі.
belapan.com/аз