Ян Чыквін узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.02.2016 11:31
Мэдаль Чыквіну ўручыў беларускі пасол у Польшчы Аляксандр Авяр'янаў.
Ян ЧыквінPhoto: radio.bialystok.pl
Старшыня Беларускага літаратурнага аб'яднаньня „Белавежа” ў Польшчы, паэт і перакладчык, гісторык літаратуры Ян Чыквін узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны. Цырымонія ўручэньня гэтай дзяржаўнай узнагароды адбылася на мінулым тыдні ў Бельску Падляскім, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Мэдаль Францішка Скарыны Чыквіну ўручыў беларускі пасол у Польшчы Аляксандр Авяр'янаў, які прыбыў з афіцыйным візытам у Падляскае ваяводзтва.
Дыплямат прыняў удзел у „Бельскіх артыстычных сустрэчах”, арганізаваных уладамі ваяводзтва ў каапэрацыі з адміністрацыяй Кобрына (Берасьцейская вобласьць).
На гэтым мерапрыемстве Авяр'янаў абмеркаваў з ваяводам Падляшша Багданам Пашкоўскім і бургамістрам БельскаПадляскага Яраславам Бароўскім пытаньні польска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне гандлю, інвэстыцый, адукацыі, культуры й турызму.
Падчас візыту беларускага амбасадара абмяркоўваліся таксама пытаньні памежнага й міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, рэалізацыі трансгранічных праектаў у межах праграм Эўразьвязу з прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня Гайнаўкі. У гэтым жа горадзе дыплямат паўдзельнічаў у адкрыцьці мастацкай выставы беларускага авангарду, якая была падрыхтаваная Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў.
Беларускі пасол таксама ўзяў удзел у 10-й каляднай сустрэчы „Бяседа з князем”, якую арганізаваў фонд імя князя Канстанціна Астрожскага.
На заканчэньне свайго візыту дыплямат сустрэўся са старшынёй Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Беластоку Янам Сычэўскім і абмеркаваў зь ім пытаньні падрыхтоўкі да 60-годзьдзя гэтага аб'яднаньня, якое адбудзецца 27 лютага.
belapan.com/аз