Пункт «Лоша» гатовы да атрыманьня міжнароднага статусу
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alena  Vialichka
                        
                        16.01.2016 12:21
                    
                                 
                
                
                    Гэта пацьвердзілі вынікі праведзенага экспэрымэнта.
                
                
                    
                        
pixabay.com
                     
                
                
                
               
                
                         Вынікі экспэрымэнту ў пункце спрошчанага пропуску «Лоша» на беларуска-летувіскай мяжы паказалі яго гатоўнасьць да атрыманьня міжнароднага статусу, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.
З 15 сьнежня па 15 студзеня памежнікі правялі экспэрымэнт. Яго мэта – падрыхтоўка да зьмены статусу памежперахода на міжнародны, а таксама вывучэньне прапускных магчымасьцяў з улікам магчымага павелічэньня патоку грамадзян і транспарту падчас калядных і навагодніх сьвятаў.
Падчас экспэрымэнту на легкавым аўтатранспарце ў беставарным варыянце тут маглі перасекчы мяжу грамадзяне Беларусі й Летувы, незалежна ад іх месца жыхарства. За гэты час праз мяжу прапушчана каля 5,7 тыс. асоб. Гэта ўтрая больш, чым у звычайным рэжыме.
На думку прадстаўнікоў ДПК, экспэрымэнт паказаў здольнасьць пункта спрошчанага пропуску «Лоша» прымаць вялікія патокі людзей і транспарту, а таксама гатоўнасьць да міжнароднага статуту. Атрымаць дадзены статус ён зможа пасьля стварэньня неабходнай інфраструктуры й завяршэньня неабходных працэдур зь летувіскім бокам.
Пункт спрошчанага пропуску «Лоша» (сумежны пункт пропуску – «Шумскас») разьмешчаны ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці. Выкарыстоўваецца толькі для руху легкавога транспарту, зарэгістраванага ў Беларусі й Летуве, а таксама ў пешым парадку. Прапускная здольнасьць – 450 аўтамабіляў у суткі. Мытны кантроль не ажыцьцяўляецца.
Інтэрфакс/ав