Logo Polskiego Radia
Print

Дзярждума Расеі вызваліла беларусаў ад здачы міграцыйных экзаменаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.12.2015 12:56
З 1 студзеня 2015 году ў Расеі ўступілі ў сілу новыя правілы па гэтай справе.
Photo: pixabay.com

Дзярждума Расеі прыняла адразу ў трох чытаньнях зьмяненьні ў фэдэральны закон „Аб прававым становішчы замежных грамадзян у РФ”, якія вызваляюць грамадзян Беларусі ад здачы міграцыйных экзаменаў.

З 1 студзеня 2015 году ў Расеі ўступіла ў сілу норма, у адпаведнасьці зь якой усе замежныя грамадзяне пры атрыманьні дазволу на часовае пражываньне або пасьведчаньня на права жыхарства ў РФ павінны здаць экзамены, якія пацьвярджаюць валоданьне рускай мовай, веды гісторыі й асноў заканадаўства Расеі.

Пры гэтым быў зацьверджаны пералік катэгорый замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія вызвалены ад абавязку здаваць экзамены, аднак у іх лік не трапілі грамадзяне Беларусі, нягледзячы на тое што паміж дзьвюма краінамі заключаны дагавор аб стварэньні Саюзнай дзяржавы.

Прадстаўляючы ўчора ў Дзярждуме адпаведны законапраект, кіраўнік думскага Камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве й дзяржаўным будаўніцтве Ўладзімір Плігін адзначыў, што гэта тэма абмяркоўвалася 15 сьнежня на сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі й Расеі. Пры гэтым ён нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што руская мова зьяўляецца ў Беларусі дзяржаўнай, а абедзьве краіны маюць у многім агульную гісторыю.

Намеснік старшыні Дзярждумы па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі й сувязях з суайчыннікамі Тацьцяна Маскалькова падкрэсьліла, што адносіны паміж Беларусьсю й Расеяй заўсёды былі большыя, чым адносіны паміж замежнымі дзяржавамі. „Гэта асаблівыя адносіны, таму й падыходы да фарміравання Саюзнай дзяржавы былі зусім іншыя, чым да другіх інтэграцыйных аб'яднаньняў на постсавецкай прасторы”, - сказала яна.

У Дзярждуме лічаць, што прынятыя зьмяненьні ў фэдэральны закон „Аб прававым становішчы замежных грамадзян у РФ” будуць садзейнічаць далейшаму разьвіцьцю інтэграцыйных працэсаў і ўмацаваньню Саюзнай дзяржавы.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт