Logo Polskiego Radia
Print

Зь Вінаградава зьнялі прэвэнтыўны нагляд

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.11.2015 13:49
Рашэньне адносна былога палітвязьня прыняў суд Бярэзінскага раёна.
flickr.com

Суд Бярэзінскага раёна 2 лістапада прыняў рашэньне аб спыненьні прэвэнтыўнага нагляду ў дачыненьні актывіста апазыцыі Паўла Вінаградава. Гэта чыста фармальнае рашэньне, бо фактычна прэвэнтыўны нагляд скончыўся ў Вінаградава 24 кастрычніка, а ўжо на наступны дзень ён быў у Менску.
Перад завяршэньнем нагляду, 9 кастрычніка ў райсудзе разглядалі зварот Бярэзінскага РАУС аб яго працягу, аднак судзьдзя палічыў, што для гэтага няма падставаў.
Актывіст моладзевага крыла «Zмена» Павел Вінаградаў быў сярод асуджаных па справе аб масавых беспарадках пасьля падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў сьнежні 2010 года. Яму прызначылі пакараньне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўленьня свабоды. У верасьні 2011 года Вінаградава памілавалі й вызвалілі з турмы. З таго моманту актывіста неаднаразова затрымлівалі й каралі адміністрацыйнымі арыштамі. У 2014 годзе ён у суме адсядзеў 65 сутак.
У сьнежні 2014 года Вінаградаў зьехаў зь Менска да свайго бацькі ў Бярэзіна з-за пільнай увагі да сябе праваахоўных органаў.

вясна/эўрарадыё/вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт