Logo Polskiego Radia
Print

Міліцыя абвяргае інфармацыю аб ціску на Рыгора Кастусёва і яго дачку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.09.2015 09:03
Экс-кандыдат ў прэзыдэнты не разумее навошта ў міліцыю выклікалі яго дачку.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў Фота: Партыя БНФ

Супрацоўнік міліцыі, які вылікаў ва УУС Магілёўскага аблвыканкама дачку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва Кацярыну, не дапусьціў парушэньня заканадаўства, сьцьвярджаюць у абласной міліцыі.

Нагадаем, у аўторак Рыгор Кастусёў заявіў, што супрацоўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама на працягу некалькіх дзён спрабуе выклікаць на допыт яго дачку Кацярыну, пры гэтым адмаўляецца прыслаць позву. «Ён сказаў, што яму трэба зь ёю пагаварыць наконт нумара яе тэлефона, якім Каця не карыстаецца ўжо пяць гадоў і наогул ужо забылася пра яго, – расказваў апазыцыйны палітык, угледзеўшы ў дзеяньнях міліцыі спробу аказаць націск на яго праз родных з-за яго палітычнай дзейнасьці.

21 верасьня супрацоўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама сапраўды прапанаваў Кацярыне Кастусёвай зьявіцца ва УУС для апытаньня паводле матэрыялу праверкі, які знаходзіцца ў вытворчасьці, паведамілі БелаПАН у абласным праваахоўным ведамстве.

«У тэлефоннай размове Кацярына Кастусёва растлумачыла, што яна гатовая прыбыць ва УУС да 10.00 22 верасьня. Ёй таксама сказалі, што позва, якая пацьвярджала знаходжаньне ва УУС, будзе ўручана ёй пасьля правядзеньня апытаньня. 22 верасьня дачка Кастусёва знаходзілася ва УУС з 10.00 да 10.35, дзе праведзена яе апытаньне выключна па матэрыяле праверкі», – сьцьвярджаюць у абласной міліцыі.

Там таксама зазначаюць, што з боку супрацоўніка УУС не дапушчана парушэньняў дзейнага заканадаўства, таму што выклік для апытаньня мог быць ажыцьцёўлены як шляхам уручэньня позвы, так і з выкарыстаньнем іншых сродкаў сувязі (па мабільным тэлефоне).

«Пасьля інфармацыі ў прэсе яны размаўляць сталі зусім па-іншаму, як сапраўды павінны. Прыслалі машыну за ёй, прывезьлі позву, адвезьлі ва УУС, яна падпісала тлумачэньні па справе і яе потым на машыне завезьлі на працу», – расказаў БелаПАН Рыгор Кастусёў.

Ён зазначае, што яму ўсё-такі застаецца незразумелым, навошта ў міліцыю выклікалі яго дачку.

БелаПАН/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт