Андрэй Бандарэнка просіць падтрымкі з волі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.09.2015 13:25
6 кастрычніка ў яго заканчваецца тэрмін знаходжаньня турэмнай камэры-адзіночцы.
flickr.com
Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі „Плятформа” Андрэй Бандарэнка просіць праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў падтрымаць ягонае змаганьне за свае правы ў супрацьстаяньні з адміністрацыяй турмы.
Пра гэта паведаміў бацька зьняволенага Валеры Бандарэнка, які нагадвае, што 6 кастрычніка заканчваецца тэрмін знаходжаньня Андрэя ў турэмнай камэры-адзіночцы й ён мае быць пераведзены на агульны рэжым.
„Праз свайго адваката ён паведаміў, што больш ня будзе пісаць заяваў аб зьмяшчэньні яго ў камэру-адзіночку, бо прыйшоў да высновы й перакананы, што ўсе правакацыі супраць яго чыніць адміністрацыя турмы рукамі кіраваных зьняволеных. Таму ён вырашыў пакінуць намаганьні пазьбягаць правакацыяў, а хоча супрацьстаяць ім.
Таму Андрэй просіць праваабаронцаў і грамадзкасьць падтрымаць ягоныя высілкі ў змаганьні за свае правы й выказаць яму сваю салідарнасьць”, - кажа бацька палітвязьня.
З гэтым зваротам ад імя сына Валеры Бандарэнка выступіў на круглым стале, які праводзіў „Камітэт салідарнасьці з Жамчужным і Бандарэнкам”.
Адна з арганізатарак акцыі салідарнасьці Ганна Шапуцька сказала, што цяпер праваабаронцы й грамадзкія актывісты вырашаюць, якая форма падтрымкі для Андрэя Бандарэнкі будзе найбольш прыдатнаю.
Яна дадала, што, спасылаючыся на эўрапейскія нормы, праваабаронцы й юрысты прызналі Андрэя Бандарэнку й Міхаіла Жамчужнага палітвязьнямі. Рыхтуецца адпаведны зварот у эўрапейскія праваабарончыя арганізацыі.
svaboda.org/аз