Цэнтры сацабслугоўваньня Менска правядуць дні адкрытых дзьвярэй
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.09.2015 17:30
Мерапрыемствы прымеркаваны да Дня пажылога чалавека.
flickr.com
Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Менска правядуць дні адкрытых дзьвярэй. Аб гэтым паведаміла намесьнік старшыні камітэта па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне Менгарвыканкама Ірына Дудка.
Мерапрыемствы цэнтраў прымеркаваны да Дня пажылога чалавека й адбудуцца ў пэрыяд з 17 верасьня па 4 кастрычніка.
Першым Дзень адкрытых дзьвярэй праводзіў сёньня тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Заводзкага раёна сталіцы на базе аддзяленьня дзённага знаходжаньня для інвалідаў. Акрамя таго, у цэнтры дзяжурыў памочнік урача 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі сталіцы.
У Ленінскім раёне мерапрыемствы арганізуюць 18 верасьня, Кастрычніцкім - 22 верасьня, Партызанскім - 23 верасьня, Першамайскім - 24 верасьня, Савецкім - 25 верасьня, Фрунзенскім - 28 верасьня, Цэнтральным - 29 верасьня й Маскоўскім - 4 кастрычніка.
„Многія пажылыя людзі займаюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю. Таму задача цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня - прадаставіць ім магчымасьць рэалізаваць сябе ў розных напрамках, арыентаваўшы на прыгожую старасьць”, - сказала Ірына Дудка.
Сярод сталічных пэнсіянэраў запатрабаваны паслугі цэнтраў, у тым ліку такія, як школы танцаў, валянцёраў, сацыяльнага турызму для пажылых. Правядзеньне дзён адкрытых дзьвярэй дасьць магчымасьць цэнтрам сацабслугоўваньня папулярызаваць паслугі і ўключыць большую колькасьць пажылых у актыўнае сацыяльнае жыцьцё.
belta.by/аз