Стэфановіч: момант вызваленьня палітвязьняў невыпадковы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
24.08.2015 15:59
У той жа час, адзначыў праваабаронца, сама па сабе сутнасьць улады ў Беларусі не зьмянілася.
spring96.org
Вызваліўшы Мікалая Статкевіча й яшчэ пецярых палітвязьняў, Аляксандр Лукашэнка чакае крокаў у адказ з боку ЭЗ і ЗША, заявіў у інтэрвію БелаПАН намесьнік старшыні ПЦ „Вясна”.
Валянцін Стэфановіч мяркуе, што Лукашэнка, падпісаўшы ўказ аб памілаваньні, „можа разьлічваць на сустрэчныя крокі, як мінімум, скарачэньне або поўную адмену санкцый, паляпшэньне адносін з ЭЗ, рашэньне фінансавага пытаньня”.
Рашэньне Лукашэнкі памілаваць палітвязьняў, лічыць праваабаронца, зьвязана з агульнай сытуацыяй вакол Беларусі.
„Гэта й геапалітычная сытуацыя, і выбарчая кампанія, і жаданьне наладзіць паўнавартасны дыялёг з ЭЗ і ЗША. Больш за паўгады мы назіралі за прыездамі разнастайных высокапастаўленых заходніх чыноўнікаў. У аднабаковым парадку часткова ўжо былі зьнятыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Не апошнюю ролю адыгрывае й цяжкая эканамічная сытуацыя, бо ўрад мае патрэбу ў грошах”, - сказаў праваабаронца.
„Мы, праваабаронцы, гэты крок уладаў, вядома, вітаем, - заявіў Стэфановіч. - Гэта менавіта той крок, якога мы дамагаліся, на якім настойвалі, якога патрабавалі. Прычым гэтага патрабавалі ня толькі мы, але й міжнародная праваабарончая супольнасьць”.
У той жа час, адзначыў праваабаронца, сама па сабе сутнасьць улады ў Беларусі не зьмянілася.
naviny.by/spring96.org/аз