Выдадзена новая Чырвоная кніга, прысьвечаная расьлінам
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
01.07.2015 14:00
У яе ўключаны 303 віды расьлінных аб’ектаў. Гэта на 10 больш, чым было ў папярэднім.
Выйшла ў сьвет чацьвёртае выданьне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, прысьвечанае рэдкім расьлінам. Яно было падрыхтавана ў выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя» й надрукавана ў Доме друку тыражом 1500 асобнікаў.
Па законе Чырвоная кніга павінна выдавацца ў Беларусі кожныя 10 гадоў. Першае выданьне выйшла ў 1981 годзе, другое – у 1993-м, трэцяе – у 2005-м. У чацьвёртае выданьне ўключаныя 303 віды расьлінных аб’ектаў. Гэта на 10 больш, чым было ў папярэднім, трэцім выданьні.
Усяго зь дзікарослых расьлін да ліку рэдкіх аднесьлі 18 новых відаў, у тым ліку 13 відаў сасудзістых расьлін, 3 віду мохападобных і 2 віды лішайнікаў. Пра кожны з ахоўных відаў падрыхтаваны нарыс. Матэрыялы рыхтавалі на аснове гербарных дадзеных і навуковых артыкулаў. Усяго над складаньнем 4-га выданьня Чырвонай кнігі працавалі больш за 20 навукоўцаў.
Цяпер чакаецца выхад Чырвонай кнігі, прысьвечанай рэдкім дзікім жывёлам. У цяперашні час да іх адносяцца ўжо 202 віды супраць 188, якія ўключаныя ў трэцяе выданьне. Зборнік павінен быць выдадзены ў бягучым годзе.
Зялёны партал/ав