З пачатку году з-за выпальваньня сухой травы загінулі 14 чалавек
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
08.04.2015 08:30
Колькасць пажараў у экасыстэмах сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам вырасла ўдвая.
Фота: Wikipedia
З пачатку сэзона з-за выпальваньня сухой расьліннасьці ў Беларусі загінула 14 чалавек, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 7 красавіка ў Менску начальнік упраўленьня нагляду й прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Уладзімір Рафальскі.
Паводле яго, колькасць пажараў у экасыстэмах сёлета ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году вырасла ў два разы й склала больш за тры тысячы з-за раскладаньня вогнішчаў, выпальваньня сухой расьліннасьці, неасьцярожнага абыходжаньня з агнём, у тым ліку ў лясах і на тарфяніках. Пры гэтым прыблізна 50% пажараў здарыліся на тэрыторыях населеных пунктаў, 20% — сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый.
Усяго за апошнія пяць гадоў (уключаючы гэты год) ад выпальваньня сухой расьліннасьці загінула 29 чалавек, траўмаваныя - 22.
„У асноўным загінулыя сёлета — гэта людзі, якія выпальвалі расьліннасьць на сваіх прысядзібных участках. Некаторыя лічаць, што выпальваньне расьліннасьці прыносіць карысць экасыстэме, але, наадварот, яны наносяць урон прыродным рэсурсам і прыводзяць да гібелі людзей, у асноўным пажылых. Яны пры спальваньні сьмецьця і сухой расьліннасьці не ўлічваюць умовы надвор'я, не разьлічваюць сілы, не кантралююць вогнішчы. А калі сытуацыя выходзіць з-пад кантролю, спрабуюць патушыць пажары, пабудовы й гінуць пры тушэньні такіх пажараў”, - адзначыў Рафальскі.
nn.by/belapan.com/аз