Logo Polskiego Radia
Print

У менскім аэрапорце пабудуюць другую ўзлётна-пасадачную паласу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 31.12.2014 08:00
Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін.

/

У 2015 годзе ў Нацыянальным аэрапорце Менск пачнецца будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы, заявіў 30 сьнежня віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін падчас наведваньня аэрапорта, дзе завяршылася рэканструкцыя другога пускавога комплексу.

„Гэта будзе падрыхтоўчы пэрыяд. На працягу двух гадоў паласа будзе пабудаваная”, — цытуе намесьніка прэм'ер-міністра прэс-служба ўрада.

„З адкрыцьцём другога пускавога комплексу мы завяршылі рэканструкцыю аэравакзала Нацыянальнага аэрапорта Менск, у выніку якой дадаткова пабудавана больш за 2 тыс. кв. м плошчаў, створаны больш камфортныя ўмовы для пасажыраў, для апэратыўнага кантролю пагранічнікаў і мытных службаў”, - сказаў віцэ-прэм'ер. Ён зьвярнуў увагу на тое, што колькасьць кабін пагранічнага кантролю павялічана ў 2,5 разу.

На рэалізацыю праекта выдаткавана 720 млрд рублёў. Калінін адзначыў, што тэрміны праекта былі скарочаныя больш чым у два разы ад заплянаванага.

„Замоўца й беларускія будаўнікі выканалі свае абавязацельствы й дасягнулі выніку, які задаволіць самых патрабавальных пасажыраў”, - канстатаваў намесьнік прэм'ер-міністра.

Калінін таксама паведаміў, што аб'ём пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце Менск можа дасягнуць у наступнай пяцігодцы 5,8 млн чалавек у год. Для гэтага, паводле яго, неабходна закупіць каля пяці самалётаў.

БелаПАН/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт