Манэты з Канстанцінам Астрожскім будуць прадаваць з аўторка
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.12.2014 15:14
У Менску - у касах цэнтральнага апарата НБ РБ.
Фота: dzr.by
16 сьнежня Нацыянальны банк Беларусі пачне рэалізацыю памятных манэт „Канстанцін Астрожскі” з сэрыі „Ўмацаваньне й абарона дзяржавы”.
У Менску манеты будуць прадаваць у касах цэнтральнага апарата НБ РБ па адрасе: вуліца Талстога, 6. Касы пачынаюць працаваць з 9:30.
Таксама манэты можна будзе набыць у Баранавічах, Берасьці, Пінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску. Наяўнасць манэт у касах можна спраўдзіць па тэлефонах, указаных на сайце Нацбанка.
Нагадаем, што пяць тысяч памятных манэт з выявай гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага былі адбітыя ў канцы мінулага месяца на манэтным двары Нацыянальнага банка Рэспублікі Казахстан. Дызайнам манэты займалася Сьвятлана Заськевіч.
Дзьве тысячы зь іх - са срэбра (сплаў 925) наміналам 20 рублёў. Астатнія зроблены з медна-нікелевага сплаву. Яны маюць меншыя дыямэтр і намінал - 1 рубель.
На авэрсе манэты зьмешчаны дзяржаўны герб Беларусі, намінал манэты, а таксама выявы пергамэнта зь пячаткай і булавы - сымбала гетманскай улады. Рэвэрс аздоблены партрэтам Канстанціна Астрожскага й фамільным гербам.
Цана срэбнай манэты складае 380 тысячаў, медна-нікелевай - 50 тысячаў рублёў.
nn.by/аз