Абаронцы Курапат не дамагліся зносу дамоў ля мэмарыяла
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.08.2014 08:30
Суд Цэнтральнага раёну не задаволіў скаргі арганізацыі на генпракуратуру.
Судовая калегія Менскага гарадзкога суду не задаволіла касацыйную скаргу грамадзкай арганізацыі „Хрысьціянская злучнасьць Курапаты” на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску.
Актывісты дамагаліся, каб суд абавязаў генпракуратуру прыняць меры для выкананьня яе пастановы, якая вымагае ад забудоўнікаў забаўляльнага комплексу „Бульбаш-хол” зьнесьці чатыры дамы, узьведзеныя ў ахоўнай зоне мэмарыяльнага комплексу „Курапаты”.
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Іван Майсейчык адмовіў у задавальненьні пазову 27 чэрвеня 2014 году.
Актывісты „Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты” зьвярнуліся ў Менскі гарсуд з просьбай адмяніць рашэньне й накіраваць справу на новы разгляд.
Падчас папярэдняга паседжаньня 7 жніўня, калегія Менскага гарсуду выслухала аргумэнты заяўнікаў, якія дакумэнтальна падцьвердзілі, што генпракуратура не прыняла захадаў дзеля выкананьня сваіх жа патрабаваньняў — зносу будынкаў „Бульбаш-холу” ў ахоўнай зоне мэмарыялу.
Суд адклаў разгляд да 21 жніўня, каб выслухаць прадстаўнікоў Менскага аблвыканкаму, Міністэрства культуры й іншых арганізацый, якія на паседжаньне не зьявіліся.
Падчас судовага слуханьня 21 жніўня, прадстаўнікі Менаблвыканкаму й Мінкульту прызналі факт незаконнага будаўніцтва ў ахоўнай зоне мэмарыялу „Курапаты”. Аднак калегія Менскага гарсуду адмовіла заяўнікам у задавальненьні касацыйнай скаргі.
Праваабаронца й юрыст Гары Паганяйла назваў гэтае рашэньне незаконным, безпадстаўным і палітычна матываваным.
Заяўнікі кажуць, што ня будуць абскарджваць яго ў вышэйшых інстанцыях, але ў абарону мэмарыялу рыхтуюць новы пазоў да Міністэрства культуры й іншых дзяржструктур.
svaboda.org/аз