Прэмія “За свабоду думкі-2014” – Віктару Шалкевічу
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
22.06.2014 10:41
Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася традыцыйна на радзіме пісьменьніка – у вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.
foto: pyx.by
Сёлетнім ляўрэатам прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава стаў бард, акцёр, паэт і шоўмен Віктар Шалкевіч.
Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася 21 чэрвеня, у суботу, традыцыйна на радзіме пісьменьніка – у вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.
“Выдатна, што я атрымаў прэмiю “За свабоду думкi”. У мае 55 год час нешта атрымлiваць. І ўвогуле, прэмiя iмя Быкава - гэта не абы што i да мяне яе атрымлiвалi не абы якiя людзi”, - напаўжартоўна-напаўсур’ёзна пракамэнтаваў уганараваньне Шалкевіч.
Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Ідэя ўзьнікла пасьля атрыманьня Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Эўрапарлямэнт.
Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадзкай і творчай дзейнасьцю на карысьць Беларусі і Свабоды.
Лаўрэатамі прэміі мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, затым мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, летась - музыка Зьміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін.
Кожны ляўрэат атрымлівае памятны дыплём і традыцыйную ўзнагароду -— скульптуру аўтарства Віктара Копача.
яс/рух.by