Logo Polskiego Radia
Print

2 тыс. беларусаў адмовіліся аддаваць свае органы пасьля сьмерці

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.04.2014 12:00
За апошнія 6 гадоў у Беларусі выканана больш за 1 тыс. апэрацый па трансплянтацыі ныркі.

Больш за 2 тыс. чалавек у Беларусі афіцыйна напісалі адмову стаць донарамі органаў і тканак.

Кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплянтацыі органаў і тканак Алег Румо лічыць, што гэта ў працэнтных адносінах з агульнай колькасьцю насельніцтва „стандартныя лічбы, як ва ўсім сьвеце”.

Раней паведамлялася, што людзей, якія напісалі адмову быць донарамі органаў і тканак пасьля сьмерці, было каля 50. У сувязі з гэтым Румо растлумачыў, што пасьля прыняцьця адпаведнага закона, у краіне пачаў фарміравацца адзіны рэгістр донараў органаў, куды й заносіцца інфармацыя пра людзей, якія напісалі адмову.

Галоўны трансплянтоляг Міністэрства аховы здароўя адзначыў, што з разуменьнем ставіцца да пазыцыі людзей, якія напісалі адмову стаць донарамі органаў пасьля сьмерці.

„У выпадку неабходнасьці й яны будуць пастаўлены ў лік чаканьня на правядзеньне ім апэрацый па трансплянтацыі органаў і тканак”, — дадаў Румо.

За апошнія 6 гадоў у Беларусі выканана 244 перасадкі печані, 125 перасадак сэрца, больш за 1 тыс. апэрацый па трансплянтацыі ныркі.

У Беларусі, у адпаведнасьці з заканадаўствам, у сфэры трансплянтацыі органаў і тканак дзейнічае прынцып прэзумпцыі згоды.

Рэлігійныя арганізацыі не выступаюць супраць выкарыстаньня чужых органаў. Да прыкладу ў Гомелі па ініцыятыве прыхаджан і пры падтрымцы парафіі Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў касьцёле прайшла акцыя: каталікі падпісалі добраахвотную згоду на выкарыстаньне пасьля сьмерці сваіх унутраных органаў у трансплянталёгіі.

nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт