Logo Polskiego Radia
Print

На Гарадзеншчыне збудуюць кітайскі індустрыяльны цэнтр

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.01.2014 11:00
18 студзеня кітайцы наведаюць Ваўкавыскі й Лідзкі раёны.
fot. sxc.hu

На Гарадзеншчыне збудуюць кітайскі індустрыяльны цэнтaр. Намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Юрый Шулейка запэўніў, што пад кітайскія прадпрыемствы вобласьць прадаставіць неабходную зямлю, а таксама ільготныя ўмовы вядзеньня гаспадарчай дзейнасьці.

Для разьмяшчэньня індустрыяльнага парку разьглядаюцца свабодныя пляцоўкі ў Шчучынскім і Ваўкавыскім раёнах, а таксама вытворчыя пляцоўкі дзеючых гaрaдзенскіх прадпрыемстваў, якія не выкарыстоўваюцца (называецца ААТ „Радыёхваля”).

18 студзеня дэлегацыя правінцыі Ганьсу наведае Ваўкавыскі раён, дзе азнаёміцца з патэнцыйнай пляцоўкaй для разьмяшчэньня індустрыяльнага парку на базе ААТ „Ваўкавыскі КСОМ”, а таксама Лідзкі раён, дзе пабывае на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Міністр паведаміў таксама, што камэрцыйнае прадстаўніцтва правінцыі Ганьсу з мэтай разьвіцьця ўсебаковых кантактаў будзе створана ў Менску, аднак яго дзейнасьць будзе накіравана у тым ліку й на разьвіцьцё эканамічнага партнэрства з Гарадзенскай вобласьцю. Раней абмяркоўвалася магчымасьць адкрыцьця прадстаўніцтва ў Горадні.

Дэлегацыя ўрада Ганьсу ўжо другі раз за некалькі месяцаў наведвае Гарадзенскую вобласьць. У яе складзе ня толькі кіраўніцтва дэпартамэнта камэрцыі ўрада правінцыі, але й прадстаўнікі канкрэтных вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў і карпарацый.

Падчас сустрэчы гаворка ішла пра тое, каб наладзіць прамыя дзелавыя й гандлёвыя сувязі. З гэтай мэтай учора ў Горадні адбылася кантактна-каапэрацыйная біржа.

nn.by/БелТА/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт