Пачала працу электронная сыстэма аплаты праезду
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
01.08.2013 10:50
Агульны кошт праекта склаў 267 мільёнаў эўра.
Фота: belway.ru
Інвэстарам па стварэньні ў Беларусі нацыянальнай сыстэмы зьбіраньня платы за праезд па аўтадарозе рэспублікі (BelToll) выступіла аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom AG. Агульны кошт праекта склаў 267 мільёнаў эўра.
Асноўная перавага электроннай сыстэмы будзе заключацца ў тым, што кіроўцу ня трэба спыняцца, каб зрабіць аплату. Новыя тэхналёгіі дазволяць рухацца з максымальна дазволенай хуткасьцю, не зьмяняючы паласу руху: аплата будзе спаганяцца аўтаматычна, для чаго дарогу абсталявалі адмысловымі парталамі, абсталяванымі лазэрнымі датчыкамі, відэа-і фотакамэрамі, якія зафіксуюць праезд аўтамабіляў. На транспартных сродках (як правіла, на лабавым шкле) павінны быць устаноўлены бартавыя прылады электроннай аплаты, якія кіроўцы будуць атрымліваць пад грашовы заклад у 50 эўра.
Кошт праезду аднаго кілямэтра дарогі будзе складаць ад 0,04 эўра для легкавых аўтамабіляў да 0,12 эўра для грузавікоў з чатырма й больш восямі. Санкцыі для парушальнікаў рэжыму аплаты складуць да 100 эўра для легкавых аўтамабіляў і да 250 эўра для грузавікоў.
Платнымі стануць у агульнай складанасьці 815 кілямэтраў дарог краіны. Гэта на першым этапе тычыцца ўсяго працягу аўтамагістралі М-1/Е30 Брэст (Казловічы) - Менск - мяжа Расеі (Рэдзькі), а таксама асобных участкаў аўтамабільных трас M-2 Менск - Нацыянальны аэрапорт "Мінск", M-3 Менск - Віцебск, M-4 Менск - Магілёў, M-5 / Е 271 Менск - Гомель і M-6 / Е 28 Менск - Горадня - мяжа Польшчы (Брузгі). Да 1 студзеня 2014 года мяркуецца пашырэньне сыстэмы за кошт будаўніцтва прыдарожнай інфраструктуры на іншых участках аўтадарог, якія з часам будуць станавіцца платнымі. Гэта датычыцца магістралі М-4 Менск-Магілёў і рэканструяваных участкаў М-5 Менск-Гомель.
РІА-Навіны/ав