Logo Polskiego Radia
Print

Фэстываль "Вольнае паветра" на хутары Шаблі адбудзецца

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.07.2013 14:00
XI музычны фэстываль пройдзе, нягледзячы на пажар, які там здарыўся.

/

XI музычны фэстываль "Вольнае паветра" на прыватным хутары Шаблі (Валожынскі раён Менскай вобласьці) адбудзецца 24 жніўня, нягледзячы на пажар, якія здарыўся ў ноч з 1 на 2 ліпеня, заявіў БелаПАН уладальнік хутара, заснавальнік канцэртнага агенцтва "Лінія гуку" Ўладзімір Шаблінскі. "Ніякіх зьменаў у нашай канцэртнай палітыцы не адбылося. 24 жніўня мы чакаем наведвальнікаў фэстывалю "Вольнае паветра", нічога не адмяняецца", — запэўніў ён.

Шаблінскі ўстрымаўся ад ацэнкі ўрону, нанесенага пажарам, а таксама не стаў казаць пра тое, колькі сродкаў спатрэбіцца для аднаўленьня згарэлага дома. Уладальнік хутара толькі паведаміў, што на ўладкаваньне Шаблей было патрачана "дзевяць гадоў жыцьця". "Пакуль ніякіх думак аб дабрачынных канцэртах ці адкрыцьці дабрачынных рахункаў у нас не ўзнікала. Калі такія рахункі зьявяцца, то гэта, магчыма, будуць нейкія прыватныя ініцыятывы нашай супольнасьці, але пакуль пра гэта рана казаць", — сказаў Шаблінскі.

Нагадаем, у выніку пажару зьнішчаны драўляны жылы дом, які служыў інфацэнтрам і галоўным адміністрацыйным будынкам хутара падчас правядзеньня там культурных мерапрыемстваў. Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Менскага абласнога ўпраўленьня МНС Анастасія Швайбовіч, інфармацыя пра пажар у Шаблях паступіла ў ноч на 2 ліпеня ад суседзяў. У момант прыбыцьця на хутар ратавальнікаў дах ужо абваліўся, сам дом выгараў. Ніхто не пацярпеў. Як мяркуецца, прычынай узгараньня стала парушэньне правілаў эксплюатацыі печаў.

Шаблі сталі культавым месцам для мэляманаў, якія тысячамі наведвалі фэстывалі "Вольнае паветра", "Шаманы Шаблі", The Beatles Shabli.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт