Logo Polskiego Radia
Print

Бяляцкага падтрымалі 100 тысяч чалавек

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.03.2013 14:10
У падтрымку палітвязьня па ўсім сьвеце прайшло больш як 104,5 тысячы мерапрыемстваў.

/

Праваабарончая арганізацыя „Amnesty International” падсумавала вынікі праведзенага па ўсім сьвеце марафона па пісаньні лістоў салідарнасьці зь палітвязьнем Алесем Бяляцкім - віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, лідарам ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”.

У падтрымку палітвязьня па розных краінах сьвету было арганізавана агулам больш як 104,5 тысячы мерапрыемстваў. Удзельнікі сусьветнай кампаніі, якая доўжылася амаль тры месяцы, выказвалі сваю падтрымку ў самай рознай форме.

Толькі ў Польшчы прайшлі шматлікія акцыі. За адны суткі ў краіне было арганізавана амаль 40 тысяч акцыяў у падтрымку беларускага праваабаронцы.

Вялікая колькасьць жыхароў краін Эўропы падпісалі пэтыцыі з патрабаваньнем вызваленьня Алеся Бяляцкага

Штогадовы марафон „Amnesty International” стартаваў 7 сьнежня 2012 года, напярэдадні Дня правоў чалавека, пад лёзунгам „Пішам за правы! Даможамся перамен!”

Мэта акцыі - прыцягненьне ўвагі міжнароднай грамадзкасьці да лёсу праваабаронцаў, якіх перасьледуюць улады ў розных краінах сьвету.

Нагадваем, 24 лістапада 2011 года суд прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры й прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Праваабаронца адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 Бабруйска.

spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт