Arche ня будзе ў каталёгу "Белпошты"
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
16.11.2012 13:39
Пра гэта гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце часопіса.
Рэдакцыя часопіса Arche прыняла рашэньне не ўключаць выданьне ў падпісны каталёг "Белпошты" на першае паўгодзьдзе 2013 года. Рэдакцыя таксама просіць "Белпошту" вярнуць падпісчыкам грошы за другое паўгодзьдзе 2012 года. Пра гэта гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце часопіса.
У дакумэнце зазначаецца, што з сярэдзіны верасьня выданьне перажывае пастаянны націск, у першую чаргу з боку дэпартамэнта фінансавых расьсьледаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю.
" Блякіроўка рахунку Arche не дазволіла выпусьціць у сьвет некалькі поўнасьцю падрыхтаваных да друку нумароў", - паведамляе рэдакцыя.
Праблемы ў часопіса пачаліся 14 верасьня гэтага года з затрыманьня былога галоўнага рэдактара Arche Валерыя Булгакава. Ён быў затрыманы ў Горадні на прэзэнтацыі кнігі "Саветызацыя Заходняй Беларусі" і абвінавачаны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. У пачатку лістапада ён пакінуў Беларусь, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу.
дг/БелаПан