Logo Polskiego Radia
Print

Шыльда, то зьяўляецца, то зьнікае

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.09.2012 12:47
Шыльду ў гонар аўтара бел-чырвона-белага сьцяга адкрылі цішком.

be.wikipedia.org
be.wikipedia.org

Мэмарыяльная шыльда з партрэтам Клаўдзія Дуж-Душэўскага зьявілася на доме № 22 на вуліцы Горкага ў Глыбокім 31 жніўня. Дом, дзе ў 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стаяў побач з гэтым будынкам.

Адкрыцьцё шыльды было прымеркавана да Дня беларускага пісьменства й друку, які адзначаецца сёлета ў Глыбокім 2 верасьня, але чамусьці мерапрыемства прайшло раней. На адкрыцьцё шмат хто з ахвотных ня трапіў, бо пра перанос падзеі на іншы час мала хто ведаў.

„Верагодна, гэта зроблена знарок. Каб тут не было магчымасьці сабрацца разам сьвядомым беларусам”, - мяркуе незалежны журналіст Кастусь Шыталь.

Дарэчы, мэмарыяльная дошка ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які лічыцца стваральнікам бел-чырвона-белага сьцяга, зьявілася ўжо не ўпершыню. Чатыры гады таму, 23 сакавіка 2008 году, напярэдадні 90-х угодкаў абвяшчэньня БНР, шыльду з партрэтам беларускага грамадзкага дзеяча й надпісам „Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Палітык. Асьветнік. Дойлід” усталявалі мясцовыя актывісты.

Гаспадар таго самага дому № 22 на вуліцы Горкага Раймунд Салодкі ня меў нічога супраць. Але запратэставалі мясцовыя ўлады. Праз два дні пасьля адкрыцьця шыльда зьнікла, а аўтараў ініцыятывы ўшанаваньня памяці земляка выклікалі „на размову” ў міліцыю.

Чатыры гады таму шыльду ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага зьнялі паводле рашэньня Глыбоцкага райвыканкаму. Цяпер на тым самым доме, ужо са згоды ўладаў, зьявілася іншая шыльда. Праўда, яе адкрыцьцё усё ж вырашылі „прыхаваць” ад грамадзкасьці.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт