Logo Polskiego Radia
Print

Крымінальная справа супраць журналіста

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.08.2012 15:21
Супраць Мікалая Петрушэнкі заведзена справа за “зьнявагу прадстаўніка ўлады”.

/

Аршанскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэта РБ завёў крымінальную справу ў дачыненьні да журналіста Мікалая Петрушэнкі за “зьнявагу прадстаўніка ўлады”.
Падставай стаў артыкул журналіста, разьмешчаны 8 жніўня на сайце nash-dom.info пад назвай “Пэдафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі”. Публікацыя разьмешчана ў разьдзеле “Блёгі”.

Паводле пастановы за подпісам старшага сьледчага С. Шчарбянка, аўтар артыкулу “ўказвае”, што намесьнік старшыні аршанскага гарвыканкама падазраецца ў спрыяньні дзейнасьці пэдафіла. Тым самым Петрушэнка “публічна зьняважыў” гарадзкога чыноўніка “як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў”, - гаворыцца ў пастанове.

Сабраныя матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя дадзеныя, якія ўказваюць на прыкметы злачынства паводле арт. 369 - лічыць сьледчы. У сувязі з гэтым ён вырашыў узбудзіць справу ў дачыненьні да Петрушэнкі.

“Зь інфармацыі, якой мы валодаем, вынікае, што кваліфікацыя гэтых дзеяньняў як зьнявагі службовай асобы няправільная, - лічыць намесьнік старшыні ГА “БАЖ”, юрыст Андрэй Бастунец. - Нармальнай тут была б грамадзянска-прававая працэдура разгляду справы. Сам гэты факт пацьвярджае высновы БАЖ, што наяўнасьць крымінальных артыкулаў за дыфамацыю службовых асобаў нясе ў сабе пагрозу для журналістаў. Тым больш што моц дзяржаўнага мэханізму выкарыстоўваецца часта ў абарону службовых асобаў, якія зьяўляюцца часткай гэтага мэханізму...”

БАЖ/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт