Logo Polskiego Radia
Print

Другое паседжаньне Эўранэсту прайшло безь беларускіх дэпутатаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.04.2012 22:47
  • Другое паседжаньне Эўранэсту прайшло без беларускіх дэпутатаў.mp3
Што губляе Менск, адмаўляючыся ад удзелу ў Парлямэнцкай Асамблеі Ўсходняга партнэрства?

/

У Баку ў панядзелак пачалося паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі Ўсходняга партнэрства (Euronest). 37 дэпутатаў Эўрапарлямэнту сустрэліся з больш як 50 парлямэнтарамі з Грузіі, Азэрбайджану, Армэніі, Малдовы, Украіны. У першы дзень сэсіі Эўранэсту палітыкі абмяркоўвалі беларускае пытаньне.

Эўранэст – гэта парлямэнцкая асамблея, створаная з мэтай назіраць за рэалізацыяй праграмы Ўсходняга партнэрства й даваць парады ўрадам-удзельнікам праекту.

На сёньняшняй сустрэчы з палітыкамі Эўразьвязу й краінаў Усходняга партнэрства прысутнічалі беларускія апазыцыянэры: Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч. Не змаглі прыехаць Анатоль Лябедзька ды Сяргей Калякін, бо міліцыя адабрала ў іх пашпарты. Прадстаўнікі афіцыйных беларускіх уладаў на паседжаньне Эўранэсту не прыехалі.

Дэлегаты Эўранэсту абмяркоўвалі стратэгію ў стасунку да Беларусі – кажа дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Фота:
Фота: eurodialogue.org

Я. Сарыюш-Вольскі: Мы абмяркоўвалі палітыку ўраду Лукашэнкі, стан апазыцыі, сытуацыю палітвязьняў, ацэньвялі эфэктыўнасьць санкцыяў: ці трэба іх узмацняць, ці зьмяншаць. Акрамя гэтага мы абмяркоўвалі адкрыцьцё праграмаў абмену моладзі й студэнтаў, спрашчэньне візавага рэжыму. Мы прыйшлі да высноваў, што ні стратэгія санкцыяў у адносінах да Лукашэнкі, ні лібэралізацыя не прыносяць вынікаў. Патрэбныя перамены ўнутры самога беларускага грамадзтва.

Прадстаўнікі беларускіх уладаў не прымаюць удзелу ў Эўранэсьце, бо Эўрапейскі парлямэнт лічыць выбары ў Палату прадстаўнікоў несумленнымі, а беларускія ўлады не згаджаюцца ўдзельнічаць у паседжаньнях разам з апазыцыяй – тлумачыць палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Фота:
Фота: euroradio.fm

Д. Мельянцоў: Эўрапарлямэнт супраціўляўся ўдзелу беларускай дэлегацыі, таму што беларускі Нацыянальня сход не прызнаны Эўрапейскіп парлямэнтам у якасьці легітымнага парлямэнту. Пасьля прапаноўваліся розныя фарматы: удзел у Эўранэсьце дэлегацыі, якая складаецца напалову з прадстаўнікоў беларускага парлямэнту, а напалову – з апазыцыі, альбо ўдзел толькі апазыцыі. Натуральна, афіцыйны Менск адмовіўся ўдзельнічаць у Эўранэсьце супольна з апазыцыянэрамі. І, адпаведна, Эўрапейскі парлямэнт выступіў супраць таго, каб там удзельнічалі толькі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Што траціць Беларусь ад свайго няўдзелу ў Парлямэнцкай Асамблеі Ўсходняга партнэрства? Мажлівасьць кантактаў з эўрапейскімі палітыкамі й давер з боку іншых дзяржаваў – кажа Дзяніс Мельянцоў.

Д. Мельянцоў: Эўранэст – гэта структура, у рамках якой беларускія парлямэнтары маглі б абменьвацца досьведам і проста кантактаваць са сваімі заходнімі калегамі. Насамрэч пляцовак, у якіх на такім узроўні ўдзельнічаюць беларускія дэпутаты – няшмат. Да-другое, пацярпеў прэстыж краіны. Калі дзяржава ўдзельнічае ў такіх асамблеях, то гэта азначае, што яна зьяўляецца партнэрам Эўразьвязу. Такім самым чынам яна ўспрымаецца іншымі краінамі, замежнымі інвэстарамі й эканамічнымі партнэрамі. Іншымі словамі, тое, што Беларусь ня ўдзельнічае ў Эўранэсьце, паказвае, што з краінай нешта ня так, і трэба вельмі асьцярожна ставіцца да супрацоўніцтва зь ёю.

Што трэба зрабіць Менску, каб быць запрошаным у Эўранэст? Выканаць усяго дзьве ўмовы: выпусьціць палітвязьняў і правесьці сумленныя парлямэнцкія выбары – патлумачыў эўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі.

На паседжаньні Эўранэсту, якое завершыцца 4 красавіка, палітыкі Эўразьвязу й краінаў Усходняга партнэрства абмяркуюць чатыры справаздачы: аб энэргетычнай інфраструктуры, стане дэмакратыі й незалжнасьці СМІ ў краінах Усходняга партнэрства, гандлёвых пагадненьнях, а таксама аб супрацоўніцтве паміж грамадзянскай супольнасьцю ды ўладамі. Акрамя гэтага адбудзецца экспэртны сэмінар, прысьвечаны сумесным энэргетычным праектам Эўразьвязу й краінаў-партнэраў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт