Logo Polskiego Radia
Print

Лідар апазыцыі М'янмы стала дэпутатам

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.04.2012 12:33
Аун Сан Су Чжы: "Нікому нельга губляць надзеі й падаць духам".

Фота:
Фота: newsfirst.lk

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру й лідар апазыцыі М'янмы Аун Сан Су Чжы атрымала дэпутацкі мандат у дадатковых парлямэнцкіх выбарах. Яе партыя, Нацыянальная дэмакратычная ліга, здабыла 43 з 45 даступных мандатаў.

У нядзелю ў Бірме адбыліся першыя за 20 гадоў выбары, на якія дапусьцілі апазыцыю. Нягледзячы на тое, што барацьба ішла толькі за 45 месцаў у парлямэнце, які складаецца ажно з 600 дэпутатаў, перамога дэмакратаў зьяўляецца вялікім посьпехам апазыцыі.

Аун Сан Су Чжы мае 66 гадоў. Яна вывучала філязофію, палітычныя навукі й эканоміку ў Дэлі ды Оксфардзе, пасьля чаго вярнулася на радзіму. Яе партыя ў 1990 годзе атрымала 80% галасоў, аднак вайсковая хунта не прызнала выбараў, задушыла пратэсты й пасадзіла Аун Сан Су Чжы пад хатні арышт. Пад ім яна прабыла больш за 20 гадоў. Рэжым Бірмы ня выпусьціў палітыка нават наведаць мужа, які паміраў ад рака.

Аун Сан Су Чжы называюць “бірманскай Гандзі”, бо яна выступае за бяскроўную зьмену ўлады й нацыянальнае прымірэньне. Пры гэтым у 1996 годзе яна выступіла супраць рэклямнай кампаніі, якая заахвочвала турыстаў наведаць Бірму. Таксама дзякуючы звароту Аун Сан Су Чжы Бірма ня стала старшынёй ASEAN у 2006 годзе. Яна падкрэсьлівае, што асновай любой свабоды зьяўляецца свабода слова, і што нікому нельга губляць надзеі й падаць духам.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт