Фота: Юлія Дарашкевіч
Учора ў Менску быў затрыманы кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” й віцэ-старшыня Мжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. На яго арышт востра рэагуюць замежныя палітыкі ды праваабарончыя арганізацыі. Акалічнасьці справы Польскаму радыё тлумачаць калегі Алеся Бяляцкага.
Вядомага беларускага праваабаронцу абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкулу аб "ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйных памерах". Яму пагражае да 7 гадоў турмы. Ужо раніцай з заявамі спыніць перасьлед Алеся Бяляцкага выступілі старшыня Эўраперлямэнту Ежы Бузэк і Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека. Пра арышт праваабаронцы паведамляе тэлеканал Эўраньюс. У абарону Бяляцкага выступіла польскае МЗС.
Цяпер Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў Дэпартамэнце фінансавых расьследваньняў Камітэту дзяржкантролю. Калегі праваабаронцы прыйшлі туды сёньня, каб уручыць перадачы – распавядае супрацоўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч.
Ў. Лабковіч: Алесь Бяляцкі будзе тут знаходзіцца на працягу 3 дзён. У нядзелю ўвечары будзе вырашацца пытаньне пра працягваньне яго ўтрыманьня пад вартай ці выпуску з пэўнымі ўмовамі абмежаваньня волі. Жонка Алеся Бяляцкага, я – Ўладзімер Лабковіч і Тацьцяна Равяка – калегі спадара Алеся па праваабарончай працы, прынесьлі яму перадачы.
Тлумачэньне арышту Алеся Бяляцкага можа быць толькі адно – помста за праваабарончую дзейнасьць – перакананы Ўладзімер Лабковіч.
Ў. Лабковіч: Арышт зьвязаны толькі з адным: з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасьцю. Безумоўна, гэта палітычныя рэпрэсіі, якія скіраваныя пэрсанальна супраць “Вясны” – арганізацыі, якая безкампрамісна бараніла правы чалавека, асабліва тады, калі рэпрэсіі набылі татальны характар. Безумоўна, гэта расправа над Бяляцкім за яго дзеяньні.
СМІ актыўна абмяркоўваюць вэрсію пра тое, што да арышту Алеся Бяляцкага спрычынілася інфармацыя пра банкаўскія рахункі 400 беларускіх грамадзян, якую месяц таму Міністэрства ўнутраных справаў Летувы перадала беларускім спэцслужбам. На жаль, гэтая гіпотэза мае пад сабой цьвёрдыя падставы – кажа Ўладзімер Лабковіч.
Ў. Лабковіч: На жаль, яна мае пад сабой падставы. Фармальнай нагодай для ўзбуджэньня крымінальнай справы й затрыманьня Алеся Бяляцкага стала тая інфармацыя, якая была перададзена летувіскім бокам беларускім спэцслужбам.
У адказ на арышт Алеся Бяляцкага праваабаронцы чакаюць жорсткай рэакцыі замежных палітыкаў, СМІ ды праваабарончых арганізацыяў – кажа Ўладзімер Лабковіч.
Ў. Лабковіч: Алесь Бяляцкі – ня проста старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна”. Ён віцэ-старшыня Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Гэта найвядомейшая сусьветная праваабарончая арганізацыя. Мы ведаем, што адказам на арышт будуць жорсткія рэакцыі замежных урадаў, міжнародных арганізацыяў. І яны ўжо ідуць. Мы вельмі разьлічваем на міжнародную салідарнасьць, якая надзвычай патрэбная ўсім беларускім праваабаронцам.
Беларускія праваабаронцы не пакінуць свайго калегу ў бядзе – паабяцаў старшыня Беларускага хэльсінскага камітэту Алег Гулак. Яны абмяркоўваюць захады, якія можна прыняць унутры краіны. Акрамя гэтага беларускім уладам трэба чакаць сур’ёзных запытаў з боку замежных урадаў і праваабарончых арганізацыяў – кажа Алег Гулак.
А. Гулак: Салідарнасьць праваабаронцаў працуе. Матэрыял пра арышт Бяляцкага ўжо паказаў Эўраньюс. Міжнародная супольнасьць таксама паінфармаваная. Я ўпэўнены што ў Менск будуць скіраваныя сур’ёзныя запыты наконт таго, што адбываецца. Мы абмяркоўваем меры, якія мы можам прыняць на нацыянальным узроўні. Пачынаецца збор подпісаў за тое, каб Бяляцкага выпусьцілі, альбо калі яму будзе прад’яўлена абвінавачаньне – каб супраць яго не прымянялі такую меру стрыманьня, як знаходжаньне пад вартай.
Як вядома, цэнтар “Вясна” ў апошнія месяцы займаўся дапамогай пакараным за ўдзел у акцыях маўклівага пратэсту. У тым ліку зборам грошай і выплатай штрафаў пацярпелым. Затрыманьне Алеся Бяляцкага наўрад ці зьвязана з гэтай акцыяй – лічыць намесьнік старшыні Камітэту абароны рэпрэсаваных Эніра Браніцкая.
Э. Браніцкая: У фінансавых пытаньнях нашая дзяржава можа палічыць нелегальным усё што заўгодна. Таму, канешне, рызыка пры зборы сродкаў ёсьць. Але яго можна расцэньваць як дабрачынную акцыю. Праблемы Алеся Бяляцкага зьвязаныя зь яго праваабарончай дзейнасьцю, аднак, наколькі я ведаю, яны ня зьвязаныя са зборам сродкаў.
Дабрачынны збор сродкаў на дапамогу пацярпелым ад свавольства ўладаў працягнецца пры любых абставінах – пераконваюць абаронцы правоў чалавека. Цэнтар “Вясна” будзе працягваць ўсю сваю праваабарончую дзейнасьць без выключэньня – запэўніў калега Алеся Бяляцкага Ўладзімер Лабковіч.
Аляксандар Папко