Fot. Oleg Mineev RIA Novosti/EAST NEWS
Сёньня ў Маскве Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт, які дасьледваў прычыны гібелі самалёту прэзыдэнта Польшчы, пракамэнтаваў альтэрнатыўную справаздачу польскай урадавай камісіі, што была прадстаўлена публіцы ў пятніцу.
Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт не знайшоў у справаздачы камісіі Ежы Мілера ніякіх новых фактаў, якія б не былі пазначаныя ў ранейшым рапарце МАК. Высновы пра тэхнічныя прчычыны катастрофы ў абедзьвюх справаздачах практычна аднолькавыя – зазначыў намесьнік старшыні Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту Аляксей Марозаў.
Пры гэтым МАК не пагадзіўся зь некаторымі аспэктамі справаздачы камісіі Мілера. Па-першае, аэрадром у Смаленску быў рабочым і поўнасьцю спраўным, а не “часова адчыненым” закінутым аэрадромам – заявіў Аляксей Марозаў.
А. Марозаў: “Паўночны” быў дзеючым аэрадромам, а не часова адчыненым, як гэта ўказана ў матэрыялах польскай камісіі. Аэрадром меў дзеючае пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі й прыдатнасьці да эксплюатацыі. Усе радыётэхнічныя, светлавыя й сігнальныя сродкі аэрадрому перад пачаткам палётаў 11 красавіка былі спраўныя і працаздольныя. Ніякіх заўвагаў ад экіпажаў расейскіх і польскіх паветраных суднаў, якія прыбывалі на аэрадром 7 красавіка, 10 красавіка і ўначы з 10 на 11 красавіка, не было.
Па-другое, расейскі бок не згаджаецца з тым, што расейскія дысьпетчары няправільна інфармавалі пілётаў польскага лайнера пра палажэньне самалёту. Пра гэта заявіў на канфэрэнцыі намесьнік старшыні Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту Аляксей Марозаў.
А. Марозаў: Пэрсанал групы кіраваньня палётамі інфармаваў экіпаж пра месцазнаходжаньне судна ў рамках наяўных тэхнічных сродкаў. Высьветлена, што экіпаж самавольна працягнуў зьніжэньне ніжэй дазволенай вышыні заходу на другі круг, якая складае 100 мэтраў.
Па-трэцяе, прадстаўнікі МАК ня лічаць, што самалёт Леха Качыньскага рабіў пробны заход і проста не пасьпеў адысьці на другі круг, як гэта сьцьвярджае камісія Мілера. Польскія пілёты вырашылі менавіта садзіцца – перакананы Аляксей Марозаў.
А. Марозаў: Мы абсалютна перакананыя, што экіпаж не прыняў рашэньня адыходзіць на другі круг. Усе яго дзеяньні ў апошнія сэкунды былі спробай пазьбегнуць сутыкненьня зь перашкодай, якую ён убачыў у апошні момант. Экіпаж менавіта садзіўся на гэтым аэрадроме.
Урэшце, Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт мяркуе, што на польскіх пілётаў мог аказвацца ціск. Прысутнасьць у кабіне Галоўнакамандуючага ваенна-паветранымі сіламі Польшчы генэрала Бласіка не магла ня мець псыхалягічнага эфэкту – заявіў Аляксей Марозаў.
А. Марозаў: Галоўнакамандуючы не павінен быў знаходзіцца ў кабіне, якая, паводле ўсіх правілаў, павінная быць “стэрыльнай” пачынаючы з вышыні 10 тысячаў футаў, а ўвогуле павінная быць “стэрыльнай” на працягу ўсяго палёту. Я магу спаслацца на польскую справаздачу, дзе гаворыцца, што галоўнакамандуючы зьяўляўся непасрэдным начальнікам 36-га авіяцыйнага спэцыяльнага палка, дзе гаворыцца, што галоўнакамандуючы непасрэдна адказваў за падрыхтоўку пілётаў Ту-154, што ён непасрэдна адрапартаваў прэзыдэнту пра пачатак палёту. Больш за тое, пры поўнай адсутнасьці разьмеркаваньня абавязкаў паміж чальцамі экіпажу, ён падаваў інфармацыю пра вышыню і, па-сутнасьці, прымаў удзел у кантралюючым пілятаваньні. Усё гэта можа й павінна быць ацэнена як ціск.
Прыгадаем, што Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт прадставіў сваю справаздачу аб прычынах авіякатастрофы, ў якой загінуў прэзыдэнт Польшчы, яшчэ ў студзені. Асноўнымі прычынамі крушэньня камітэт назваў памылкі пілётаў, недастатковую вывучку экіпажу, а таксама шматлікія парушэньні правілаў палёту, у тым ліку знаходжанне ў кабіне неўпаўнаважаных асобаў. Справаздача МАК увогуле не ўскладае адказнасьці на расейскі бок. Рапарт польскай урадавай камісіі Мілера называе прычынамі катастрофы грубыя памылкі як польскіх пілётаў, так і расейскіх дысьпетчараў, а таксама дрэннае абсталяваньне аэрадрому ў Смаленску.
IAR/Аляксандар Папко