Logo Polskiego Radia
Print

Як польскія партызаны затапілі на Вісьле нямецкі параход

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 07.06.2019 08:12
  • Машына часу.mp3
Гэтая акцыя адразу ж трапіла на старонкі польскай гісторыі, таму што гэта бадай ледзь што не адзіны выпадак, калі рух сапраціву пусьціў на дно рачное судна.
Від на Віслу зь верхняй кропкі ў горадзе Казімеж Дольны, 1941-1944 ггВід на Віслу зь верхняй кропкі ў горадзе Казімеж Дольны, 1941-1944 ггNarodowe Archiwum Cyfrowe

75 гадоў таму польскія партызаны затапілі на Вісьле параход, які перавозіў нямецкіх салдат. Гэтая акцыя адразу ж трапіла на старонкі польскай гісторыі, таму што гэта бадай ледзь што не адзіны выпадак, калі рух сапраціву пусьціў на дно рачное судна.

Акцыя мела месца каля вёскі Махаў у Люблінскім ваяводзтве 31 мая 1944 году. 75 год таму вясною гітлераўцы прыступілі да пацыфікацыі вёсак заходняй Любліншчыны, бо абвінавачвалі сялян у супрацы з партызанамі. У рэгіёне дзейнічалі атрады Арміі Краёвай, Арміі Людовай і Сялянскіх батальёнаў (Bataliony Chłopskie) – узброенага фармаваньня польскага сялянскага руху, якое дзейнічала ў пэрыяд 1940-1945 гг.

Камандзір атраду Сялянскіх батальёнаў Ян Яблоньскі з разьведкрыніцаў даведаўся, што гітлераўцы разам са сваімі памагатымі, салдатамі з 791-га батальёну Туркестанскага легіёну, плянуюць зьнішчэньне вёскі Застаў Паляноўскі. Атрад Яблоньскага налічваў усяго 47 чалавек, таму ён папрасіў дапамогі ў атрада Арміі Краёвай пад камандаваньнем Баляслава Франьчака. Інфармацыя пра акцыю немцаў прыйшла позна; акрамя таго, да пацыфікацыі не ўдалося сабраць адпаведных сіл, каб напасьць на немцаў перад іх акцыяй, таму было вырашана іх разьбіць, калі яны будуць вяртацца ў свой гарнізон на параходзе «Танэнбэрг». На шчасьце, гітлераўцы спалілі толькі адну хату ў вёсцы Застаў Паляноўскі, згвалтавалі некалькі жанчын ды абрабавалі хаты: па невядомых прычынах, вёска не была спаленая, а жыхары забітыя.

Пра акцыю расказвае камандзір Ян Яблоньскі (архіўны запіс Польскага радыё з 1975 году).

Ян Яблоньскі: Для мяне найважнейшай баявой акцыяй, якую я правёў у якасьці камандзіра атраду Сялянскіх батальёнаў, была атака на рачны параход «Танэнбэрг» на Вісьле за горадам Казімеж. На ім было каля 140 добра ўзброеных немцаў і замежных наёмнікаў. У суме з нашага боку было каля 50 чалавек.

Была раніца, стаяў туман, было 31 мая. Мы выбралі адпаведнае месца ў хмызьняку, дзе фарватэр ракі праходзіў недалёка ад берагу. І на гэтым месцы мы акапаліся. А 11-й гадзіне «Танэнэрг» праходзіў каля нас, мы адкрылі агонь, яны адказалі агнём. Я бачыў, як ад нашых куль упаў капітан, выпусьціўшы штурвал, адзін за адным пачалі падаць кулямётчыкі. Праз 15 хвілін заўважыў, як нам на дапамогу ідуць нашы партызаны. Гэта быў вялікі атрад, які налічваў 140 чалавек. Калі яны далучыліся й мы ўзмацнілі агонь, то праз 15 хвілін параход пачаў класьціся на бок, тануць, а немцы пачалі скакаць у ваду, а мы па іх стралялі як па качках на паляваньні.

Бой на беразе Віслы працягваўся больш за гадзіну. Атрады Арміі Краёвай й Сялянскіх батальёнаў пакінулі свае пазыцыі на беразе Віслы толькі тады, калі на дапамогу «Танэнбэргу» з бліжэйшага гарнізону вырушыла каля 400 немцаў.

У выніку акцыі 60 нямецкіх і туркестанскіх салдат загінула, 50 атрымалі раненьні. З польскага боку загінуў адзін партызан Арміі Краёвай, а сем чалавек былі параненыя. А параход «Танэнбэрг» быў адбуксіраваны ў бліжэйшы рачны порт і адпраўлены на мэталялом.

Ян Яблоньскі (нар. у 1913 годзе) пасьля вайны застаўся жыць на Любліншчыне, служыў у міліцыі, быў грамадзкім дзеячам ды актывістам сялянскага руху. Памёр у 1993 годзе.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт