Logo Polskiego Radia
Print

Палякі адкрываюць Беларусь праз культуру (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.05.2019 10:02
  • 0530 Варшаўскі мост. Бел. культ. у панараме.mp3
V культурная акцыя «Беларуская культура ў панараме» прайшла 24-25 траўня ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» 25 траўня 2019 г.Падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» 25 траўня 2019 г.Фота: Facebook.com/volha.tratsiak

V культурная акцыя «Беларуская культура ў панараме» прайшла ў будынку факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта 24-25 траўня.

Мерапрыемства арганізуюць па традыцыі катэдра беларусазнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэта і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Ілона
Ілона Юрэвіч, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве РБ у РП, і Вольга Трацяк, в.а. кіраўніка катэдры беларусазнаўства ВУ, падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» 24 траўня 2019 г. Фота: Пасольства РБ у РП

Сёлетняя «Беларуская культура ў панараме» была прысьвечана 200-годзьдзю з дня нараджэньня кампазытара Станіслава Манюшкі і 140-годзьдзю з дня нараджэньня мастака Казіміра Малевіча. Абодва выдатныя дзеячы культуры зьвязаны зь Беларусьсю і Польшчай.

Уладзімір
Уладзімір Чушаў, надзвычайны і паўнамоцны пасол РБ у РП, адкрывае V культурную акцыю «Беларуская культура ў панараме» 24 траўня 2019 г. Фота: Пасольства РБ у РП
Уладзімір Чушаў, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча: Ужо пяты год запар, разам з катэдрай беларусазнаўства ВУ, мы праводзім мерапрыемства «Беларуская культура ў панараме». Пяты год — гэта міні-юбілей і традыцыя. Гледзячы ў мінулае, мы можам надаць гэтаму мерапрыемству статус фэстывалю. Яго галоўнай мэтай зьяўляецца прадстаўленьне традыцыйнай беларускай культуры. Культура — гэта аснова супрацоўніцтва паміж народамі і краінамі. Сёлета мы адзначаем юбілей дзьвюх культавых постацей сусьветнага ўзроўню, якія належаць да агульнай беларуска-польскай культурнай спадчыны. Гэта 200-годзьдзе з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі і 140-годзьдзе з дня нараджэньня мастака Казіміра Малевіча. Таму праграма фэстывалю засяродзілася на гэтых дзьвюх добра вядомых асобах. Я асабліва рад таму, што да арганізацыі «Беларускай культуры ў панараме» падключылася маладое пакаленьне. І я хацеў бы падзякаваць усім, хто меў адносіны да арганізацыі мерапрыемства, у т.л. асабіста Вользе Трацяк, в. а. кіраўніка катэдры беларусазнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэта, за шматгадовае супрацоўніцтва, факультэту прыкладной лінгвістыкі ВУ, таварыству “Польшча — Усход” за пастаянную падтрымку з самага пачатку гэтай ініцыятывы.

Ніна
Ніна Баршчэўская атрымлівае ад Ігара Бузоўскага Падзяку міністра інфармацыі РБ падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» 24 траўня 2019 г. Фота: Пасольства РБ у РП

Таксама культурную акцыю «Беларуская культура ў панараме» ўшанаваў сваёй прысутнасьцю намесьнік міністра інфармацыі РБ Ігар Бузоўскі.

Ігар Бузоўскі: Культура і тое, што робіцца ў гэтай прасторы ў нашых краінах — гэта вялікая справа ў глабальным сьвеце. Мы жывём у вельмі складаны час. Мы жвём у век, які прыводзіць кожнага з нас да разваг: куды ісьці, што рабіць. І тыя людзі, якія зьберагаюць культуру продкаў і ствараюць сучасную культуру, маюць будучыню. Яны адказваюць і за асабістую будучыню, і за будучыню краіны.

І. Бузоўскі перадаў Падзяку міністра інфармацыі РБ Аляксандра Карлюкевіча Ніне Баршчэўскай, былому кіраўніку катэдры беларусазнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэта за актыўную дзейнасьць па захаваньні і папулярызацыі беларускай мовы, за значны ўклад у прапаганду духоўнай спадчыны беларускага народа, умацаваньне культурна-асьветных сувязей Польшчы і Беларусі:

Ніна Баршчэўская: Гэта для мяне вялікі гонар. Культура аб’ядноўвае розныя народы, у нашым выпадку беларусаў і палякаў. І многія з нас дзейнічаюць у тым кірунку, каб нашы народы як мага больш ведалі адзін пра аднаго, пра сваю культуру.

Юзаф Брыль, старшыня таварыства “Польшча — Усход” напомніў, што на працягу ўсяго часу яго арганізацыя падтрымлівае правядзеньне мерапрыемства «Беларуская культура ў панараме».

Юзаф Брыль: Я вельмі рад, што з самага пачатку і ўжо ў пяты раз наша таварыства падтрымлівае гэту цудоўную ініцыятыву, якая рэалізуецца ў галоўнай навучальнай установе нашай краіны — ВУ, на дарагой катэдры беларусазнаўства. Мы таксама падтрымліваем вывучэньне прыгожай славянскай беларускай мовы, алімпіяду па беларускай мове, ініцыятарам правядзеньня якой зьяўляецца таварыства “Польшча — Усход”. Культура ня толькі аб’ядноўвае народы, але і згладжвае супярэчнасьці, і таму варта цудоўнае мерапрыемства «Беларуская культура ў панараме» працягваць.

24 траўня Віктар Корбут прадставіў публіцы невядомыя малюнкі Чэслава Манюшкі, бацькі С. Манюшкі, з краявідамі Беларусі, Вільні і Варшавы. Адбыўся канцэрт Сяргея Доўгушава, які выканаў па-беларуску песьні, напісаныя С. Манюшкам.

Сваёй прысутнасьцю «Беларускую культуру ў панараме» ўшанавалі Анджай і Ірэна Спуз, кіраўнік і супрацоўніца бібліятэкі, архіва і музэя Варшаўскага музычнага таварыства імя С. Манюшкі.

На мерапрыемстве «Беларуская культура ў панараме» таксама прысутнічала Вольга Дзяшко-Вайцяхоўская, каардынатар Бюро па сьвяткаваньні Года Станіслава Манюшкі ў РП і Ўпаўнаважанага па сьвяткаваньні Года Манюшкі ў РП, дырэктара Вялікага тэатра — Нацыянальнай опэры Польшчы Вальдэмара Дамброўскага.

Ілона
Ілона Юрэвіч і Вольга Дзяшко-Вайцяхоўская падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» 24 траўня 2019 г. Фота: Пасольства РБ у РП

Вольга Дзяшко-Вайцяхоўская: Гэты год ужо адзначыўся выдатнымі падзеямі. Кульмінацыя адбылася 5 траўня, у дзень нараджэньня С. Манюшкі, калі ўся Польшча іграла, сьпявала, танцавала пад музыку С. Манюшкі. Усе мерапрыемствы, якія прымеркаваны да Года Манюшкі, ня скончацца сёлета. Мы ўвесь час папулярызуем музыку і творчасьць С. Манюшкі ў школах, бібліятэках, праводзім лекцыі пра С. Манюшку, вядзём старонку ў інтэрнэце — Moniuszko200.pl. На гэтай старонцы таксама адлюстравана наша супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Беларускія партнэры вельмі шануюць спадчыну С. Манюшкі. Гэта наша супольная спадчына. Манюшка нарадзіўся ў Убелі пад Менскам, Манюшка прыгожа гучыць па-беларуску, у чым можна было пераканацца на канцэрце 16 траўня ў Вялікім тэатры ў Менску, на якім мне давялося пабываць. Манюшка гучыць так жа прыгожа па-беларуску, як і па-польску. Гэта наш агульны кампазытар. І давайце радавацца таму, што ў нас ёсьць такі геній сапраўды вялікага эўрапейскага ўзроўню.

Падчас
Падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» 25 траўня 2019 г. Фота: Facebook.com/volha.tratsiak

25 траўня адбылася «Літаратурная сустрэча на даху» з трыма беларускімі аўтарамі: Анкай Упалай, Андрэем Адамовічам і Зьмітром Бартосікам. Доктар мастацтвазнаўца з Нацыянальнай галерэі «Zachęta»Караліна Зыховіч расказала пра свае дасьледаваньні жыцьця і творчасьці мастака Казіміра Малевіча ў Віцебску. Апрача гэтага адбылася майстар-кляса пляценьня з саломкі і выступленьне фальклёрнага ансамбля «Лірыца», пачастунак беларускімі дранікамі.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт