На поўдні Польшчы склалася трывожная сытуацыя
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jury  Lichtarowicz 
                        
                        24.05.2019 09:34
                    
                                 
                
                
                    Дзевяці раёнам і гарадам, у тым ліку Кракаву, пагражае затапленьне.
                
                
                    
                        
Foto: Pixabay.com/CC0
                     
                
                
                
               
                
                         У зьвязку з моцнымі ліўнямі рэзка падняўся ўзровень вады ў Вісьле. Выратавальныя службы папярэджваюць, што вада паднялася за трывожны ўзровень на сарака вадазамерах у вытоках Віслы.
Усю ноч у Кракаве адмысловыя службы ўмацоўвалі супраць паводкавы вал уздоўж ракі Сэрафы, які пачала падмываць вада. Затопленымі апынуліся шмат дамоў і будынкаў у раёне Вялічкі.
У пятніцу з 8.00 да 12:00 праз Кракаў будзе праходзіць паводкавая хваля на рацэ Вісла. На ўзьбярэжжы ракі выстаўленыя спэцыяльныя шчыты. У горадзе ўведзены рэжым трывогі ў зьвязку з навадненьнем. Экспэрты спадзяюцца, што ўзровень Віслы не перавысіць крытычныя 6 мэтраў.
Паліцыя Малапольскага ваяводзтва заявіла, што кантралюе стан дарог, а ў Кракаве выведзеныя ўзмоцненыя патрулі дарожнай паліцыі, каб рэгуляваць рух на скрыжаваньнях, каб дапамагчы кіроўцам пазьбегнуць затопленых участкаў.
Рэжым трывогі ў Малапольшчы ў зьвязку з навадненьнем уведзены ў дзевяці раёнах, васьмі гмінах і ў трох гарадах: згаданым Кракаве, Тарнаве ды Асьвенцыме.
За апошнія содні на поўдні Польшчы ратавальныя брыгады выяжджалі на месцы здарэньняў 2000 разоў. У ваяводзтве затопленымі застаюцца больш за 300 будынкаў.
ПР/юл