Пра Манюшку і Малевіча раскажуць у Варшаве пад дранікі
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
23.05.2019 10:03
-
0523 Варшаўскі мост. V Бел. культура ў панараме.mp3
24-25 траўня ў Варшаве пройдзе V культурная акцыя «Беларуская культура ў панараме».
24-25 траўня ў Варшаве пройдзе V культурная акцыя «Беларуская культура ў панараме». Яе арганізуюць па традыцыі катэдра беларусазнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэта і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Сёлетняя «Беларуская культура ў панараме» прысьвечана 200-годзьдзю з дня нараджэньня кампазытара Станіслава Манюшкі і 140-годзьдзю з дня нараджэньня мастака Казіміра Малевіча. Абодва выдатныя дзеячы культуры зьвязаны зь Беларусьсю і Польшчай.
Афіша V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме»
Вольга Трацяк, в. а. кіраўніка катэдры беларусазнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэта: 24 траўня а 18-й гадзіне ў Варшаўскім унівэрсытэце падчас V культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме» адбудзецца лекцыя Віктара Корбута «Беларусь, Вільня, Варшава Станіслава Манюшкі ў малюнках яго бацькі Чэслава Манюшкі». Лекцыя прымеркавана да 200-й гадавіны з дня нараджэньня кампазытара Станіслава Манюшкі. Будуць прадстаўлены малюнкі яго бацькі Чэслава Манюшкі, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы, архіве і музэі Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі, дзе год таму былі выяўлены Віктарам Корбутам. Таксама адбудзецца канцэрт Сяргея Доўгушава, які выканае песьні, напісаныя Манюшкам.
Сьвяткаваньне 140-годзьдзя з дня нараджэньня мастака Казіміра Малевіча адбудзецца 25 траўня і будзе суправаджацца лекцыяй «Малевіч і Віцебск» мастацтвазнаўцы з Нацыянальнай галерэі «Zachęta» Караліны Зыховіч і выстаўкай карцін сучасных беларускіх мастакоў, натхнёных творамі Малевіча.
Апрача гэтага абудзецца майстар-кляса пляценьня з саломкі і выступленьне фальклёрнага ансамбля «Лірыца» і пачастунак беларускімі дранікамі.
Усе мерапрыемствы пройдуць у будынку факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта ў Варшаве, на вул. Добрай, 55.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл