Польскі прэмʼер адправіўся з двухдзённым візытам у ЗША
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
16.04.2019 12:53
Кіраўнік урада наведае Чыкага ды Нью-Ёрку, дзе возьме ўдзел у прэмʼеры фільма пра Польшчу.
Foto: PAP/Jakub Kamiński
Таксама сустрэнецца з бізнэсоўцамі.
Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ў аўторак вылецеў у Чыкага. Прама з аэрапорта ён накіраваўся ў польскае консульства, дзе адбылася сустрэчы з журналістамі, а затым з бізнэсоўцамі.
Польскі прэмʼер таксама ўсклаў кветкі да помніка Тадэвушу Касьцюшку, што месьціцца ў паўднёвай частцы горада, побач з возерам Мічыган.
Увечары Матэвуш Маравецкі ўзяў удзел ва ўрачыстым паказе фільма «Польшча: Вялікая вандроўка». Гэта паўгадзінная дакумэнтальная стужка, зьнятая прэстыжнай амэрыканскай грамадзкай тэлевізіяй PBS.
У фільме кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі ладзіць экскурсію па Польшчы для амэрыканскага журналіста Пітэр Грынберга.
Фільм быў зьняты мінулай восеньню ў Варшаве, Уроцлаве, Кракаве, Вялічцы ды ў Сьвентакшыскіх гарах.
У панядзелак адбылася прэмʼера фільма ў Лос-Анжэлесе, а ў сераду яго змогуць пабачыць гледачы ў Нью-Ёрку, дзе на ўрачыстым паказе будзе госьцем прэмʼер Матэвуш Маравецкі. Перад тым прэмʼер-міністар плянуе далучыцца да сустрэчы ва ўнівэрсытэце Нью-Ёрка.
ПР/юл