Прэс-сакратар Пуціна: Ніякіх санкцый Расея супраць Беларусі не ўводзіць
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.04.2019 08:12
Так Дзьмітрый Пяскоў пракамэнтаваў прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі да дзеяньняў расейскіх партнэраў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Расея не ўводзіць супраць Беларусі ніякіх санкцый, заявіў журналістам прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў. Так ён пракамэнтаваў прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі да дзеяньняў расейскіх партнэраў па закрыцьці рынку для Беларусі, якія беларускі лідар параўнаў з санкцыямі, перадае РБК.
Пяскоў лічыць, што для абмеркаваньня беларуска-расейскіх узаемаадносін патрэбна „іншая танальнасьць, якая лепш адпавядае саюзным адносінам”. Разам з тым ён адзначыў, што ў Маскве „з разуменьнем ставяцца да эмацыйных рэплік у рамках асаблівых адносін дзьвюх краін”.
Паводле слоў прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі, „існуе велізарны аб`ём прамой і ўскоснай дапамогі, якую аказвае Расея Беларусі, нашым беларускім братам”, аднак „у той жа час застаюцца на парадку дня яшчэ шэраг пытаньняў, якія патрабуюць вырашэньня, у тым ліку пытаньняў істотных”. У гэтым кірунку „працягваецца двухбаковая праца”, але называць гэта санкцыямі ці „выкручваньнем рук” некарэктна, лічыць ён.
На нарадзе з эканамічным блёкам ураду 11 красавіка ў Менску Лукашэнка параўнаў некаторыя дзеяньні расейскіх партнэраў па закрыцьці рынку для Беларусі з санкцыямі.
„Калі атрымаў пералік пытаньняў, мяне што зьдзіўляе: апошні час (можа, СМІ хлусяць, можа, спэцыялісты дакладваюць мне крывую інфармацыю), але я кожны дзень чую й чытаю інфармацыю, што наш асноўны гандлёвы партнэр (яны любяць называць сябе партнэры) усё больш і больш уводзіць санкцый супраць Беларусі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Самі знаходзяцца пад санкцыямі й асуджаюць гэта, і я тут іх абсалютна падтрымліваю. Але ў той жа час падобнай зброяй ваююць супраць найбліжэйшых сваіх саюзьнікаў”.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў папрок у адрас урада, што ён адпаведнай сытуацыі з пастаўкамі на расейскі рынак нібыта ня бачыць.
„Мы павінны прымаць адпаведныя меры. Ну што мы ўвесь час: нас б`юць у левую шчаку — мы падстаўляем правую. Разьбярыцеся й дакладзяце асобна на наступным тыдні”, — сказаў Лукашэнка.
belapan.by/аз