Жыхары Вільні ўспамінаюць, як баранілі незалежнасьць у 1991 годзе
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
13.01.2019 14:23
13 студзеня ў Літве ўспамінаюць трагічныя падзеі 28-гадовай даўнасьці каля віленскай тэлевежы.
Фота: pixabay.com
13 студзеня ў Літве адзначаецца Дзень абаронцаў свабоды ў памяць пра трагічныя падзеі 28-гадовай даўнасьці, якія адбыліся каля віленскай тэлевежы.
У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года, менш чым праз год пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, тысячы жыхароў краіны сабраліся ў Вільні каля будынкаў Сэйма, Літоўскага радыё і тэлебачаньня і пад тэлевежай. Яны хацелі прадухіліць захоп гэтых аб'ектаў савецкімі войскамі.
Віленскі паляк Валенты Вайніла, журналіст партала Wilnoteka, які ўдзельнічаў у гэтых падзеях, успамінае: «Самы хвалюючы момант быў тады, калі зьявілася першая кроў. У нейкі момант салдаты, убачыўшы натоўп, сталі нешта кідаць пад ногі. Пачаліся крыкі, што гэта гранаты».
Савецкія салдаты кідалі пэтарды, ад якіх выляталі шыбы ў суседніх дамах. Аскепкі паранілі многіх людзей.
Аднак сапраўдная трагедыя адбылася пад тэлевежай, дзе пад гусеніцамі савецкіх танкаў загінулі 14 чалавек і некалькі соцень атрымалі раненьні.
У Вільні ў гонар абаронцаў свабоды праходзяць памятныя мерапрыемствы, у тым ліку на могілках на Антокалі, дзе пахаваны многія з ахвяр 13 студзеня 1991 года, а ў катэдральным касьцёле адбылася ўрачыстая імша. Прадстаўнікі парлямэнта і ўрада Літвы таксама сустракаюцца з блізкімі загінуўшых і параненых.
вк