У сьнежні 2018 года тэлеканал Polsat паказваў фінал міжнароднага конкурсу Mister Supranational 2018, які праходзіў на польскім курорце Крыніца-Здруй.
Вялі цырымонію журналістка тэлеканала Polsat Sport Паліна Хылеўская, актрыса Аляксандра Швэд і вядомы беларускі тэлевядучы Іван Падрэз.
Шлях Івана на польскі тэлеканал пачынаўся ў Менску.
Іван Падрэз: Я пачынаў на Першым канале беларускага тэлебачаньня з праграмы “5х5”, затым прадоўжыў працу на Агульнанацыянальным тэлебачаньні як рэдактар, вядучы. Таксама супрацоўнічаў з рознымі радыёстанцыямі як дыджэй, музычны рэдактар.
У 2013 годзе ўпершыню за межамі Польшчы праводзіўся конкурс Miss Supranational — у Менску. І мы з маім калегам Дзянісам Кур’янам яго вялі. Пасьля мяне сталі запрашаць у Польшчу як вядучага гэтага конкурсу ў 2014, 2016, 2017 гадах, а ў 2018 годзе — конкурсу Mister Supranational. Гэты конкурс — Miss Supranational — зьявіўся ў Польшчы ў 2009 годзе і стаў адным з найбольш прэстыжным. А ў Беларусь конкурс прыяжджаў па запрашэньні тэлеканала АНТ, бо ў 2012 годзе на ім перамагла беларуска Кацярына Бурая.
Прыехаўшы ўпершыню на польскі тэлеканал, я адразу знайшоў агульную мову з польскай камандай. Тэлевізіёншчыкі разумеюць адно аднаго бяз слоў.
Польшча — гэта нашы суседзі, амаль родныя нам людзі. У мяне маці з Берасьця паходзіць, яе продкі лічылі сябе палякамі.
Людзі ў Польшчы вельмі шчырыя, заўсёды выкажуць усё, што яны думаюць. Гэта вельмі добра. Гэта тое, што мне пасуе.
Улюбёнае месца ў Польшчы — Кракаў. Я бываў там разоў сем ці восем.
У гарах, дзе Miss Supranational праходзіць, вельмі прыгожа. Горы, сьнег — рамантыка.
Варшава — вельмі прыемнае месца, эўрапейская сталіца са сваёй моцна разьвітай культурай.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл