У Варшаве пачынаюцца заняткі ў пункце вывучэньня беларускай мовы. Ён дзейнічае ўжо другі год запар, а зьявіўся па ініцыятыве бацькоў, якія хочць навучыць сваіх дзяцей роднай мове. Прычым беларуская родная як для карэнных жыхароў Польшчы, так і для тых, хто пераехаў зь Беларусі жыць у Варшаву.
Пункт вывучэньня беларускай мовы адкрыўся ў 2017 годзе пры варшаўскай пачатковай школе № 395 імя ротмістра Вітальда Пілецкага, якая знаходзіцца на вул. Серакоўскага, 9, каля станцыі мэтро «Двожац Віленьскі». Пункт працягвае працу сёлета.
Яанна Стальмашчык: Гэта пункт для дзяцей, якія зьяўляюцца грамадзянамі Польшчы і ходзяць у варшаўскія школы або дзіцячыя сады, адчуваюць сваю прыналежнасьць да беларускай меншасьці і хочуць вывучаць родную мову. Так трэба разумець гэты пункт. Гэта ня пункт, ня школа для дзяцей беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу, як гэта разумее частка бацькоў. Дзяцей у нас няшмат. Летась было тры групы. Была малодшая і старэйшая дзетсадаўскія групы і школьная група. Кожная група налічвала ад трох да пяці чалавек. Сёлета трохі зьменіцца структура. Прыбудзе некалькі дзяцей. Будзе група дзетсадаўская і дзьве школьныя — малодшая і старэйшая. Бо шасьцігадовыя дзеці сталі сямігадовымі і перайшлі зь дзіцячага сада ў школу. А школьнікі таксама падрасьлі, і будуць вучыць апрача мовы яшчэ і гісторыю і культуру Беларусі.
Пункт вывучэньня беларускай мовы ў Варшаве. Фота: facebook.com/belszkolkauwarszawie
Жыхарка Варшавы Ганна Чаравацкая невыпадкова прывяла дзьвюх дачок у пункт вывучэньня беларускай мовы. Яе сям’я паходзіць з-пад Гайнаўкі па Падляшшы, прабабка са Слоніма, а ў дзеда ў ваенным білеце была ўпісана беларуская нацыянальнасьць.
Некаторыя бацькі прыводзяць сваіх дзяцей у пункт вывучэньня беларускай мовы і адначасова зьяўляюцца настаўнікамі. Як Ганна Плашчынская, якая выкладае беларускую мову і літаратуру дзеткам ва ўзросьце 3-4 гадоў. Яе сыну чатыры гады і ён таксама вучыцца ў пункце.
Вядомы ў Варшаве прысяжны перакладчык зь беларускай мовы Марыя Луцэвіч-Напалкава прывяла ў пункт вывучэньня мовы дваіх дзяцей, якія ўжо добра валодаюць мовай, бо гавораць на ёй дома.
Пункт вывучэньня беларускай мовы ў Варшаве. Фота: facebook.com/belszkolkauwarszawie
Зьяўленьне пункта вувучэньня беларускай мовы стала магчымым дзякуючы намаганьням жыхаркі Варшавы Караліны Лукашэвіч, выпускніцы катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Яна працуе ў Міністэрстве нацыянальнай адукацыі Польшчы, і расказала, што такія пункты створаны ў сталіцы Польшчы і для некаторых іншых нацыянальных меншасьцей: армян, немцаў і ўкраінцаў.
Заняткі ў беларускім пункце пачнуцца 20 кастрычніка а 9.30.
Пункт вывучэньня беларускай мовы шукае выкладчыкаў беларускай мовы, якія маюць пэдагагічную адукацыю. Заробак абяцаюць, праўда, невялікі. Жадаючыя могуць зьвяртацца непасрэдна да дырэктара школы або да ініцыятыўнай групы пункта па электроннай пошце: sadok.warszawa@gmail.com.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл