Кітай адхіляе абвінавачаньні Дональда Трампа
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
27.09.2018 16:10
Амэрыканскі прэзыдэнт абвінаваціў Кітай у спробах паўплываць на вынік выбараў у ЗША, якія пройдуць у лістападзе.
Дональ Трамп на пасяджэньні Савета Бясьпекі ААН EPA/JUSTIN LANE
На пасяджэньні Савета Бясьпекі ААН амэрыканскі прэзыдэнт абвінаваціў Кітай у спробах паўплываць на вынік выбараў у ЗША, якія пройдуць у лістападзе.
На просьбу пракамэнтаваць гэтыя словы, прэс-сакратар кітайскага МЗС заявіў, што Пэкін не ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краін. Ген Шуан сказаў, што міжнародная супольнасьць ведае, якая дзяржава найбольш уцягнута ва ўнутраныя справы іншых краін. Але ён не ўдакладніў, якую краіну меў на ўвазе.
Ген Шуан заклікаў ЗША ўстрымацца ад дзеяньняў, якія наносяць шкоду адносінам з Кітаем. Ён адхіліў таксама абвінавачваньні ў спробе ўмяшальніцтва ў лістападаўскія выбары ў амэрыканскі Кангрэс.
У ходзе пасяджэньня Савета Бясьпекі ААН прэзыдэнт ЗША заявіў, што ёсьць шмат доказаў таго, што Кітай хоча паўплываць на вынікі выбараў у Кангрэс. На думку Трампа, Кітай прымае меры, якія прывядуць да пагаршэньня вынікаў рэспубліканцаў. Мэтай гэтага зьяўляецца паслабленьне пазыцый партыі ў помсту за ўвядзеньне ЗША дадатковых пошлін на тавары, імпартаваныя з Кітая.
яс