У Варшаве будуць дзейнічаць чатыры пляцоўкі, на якіх жадаючыя любога ўзросту змогуць вывучаць беларускую мову.
Cёлета пачынаецца ўжо восьмы сэмэстар курсаў “Давайце размаўляць па-беларуску”, якія арганізуе Культурны цэнтар Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Польшчы, а праводзіць супрацоўнік катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта Вольга Трацяк. Гэтыя курсы бясплатныя і спадарыня Трацяк запрашае далучацца ўсіх жадаючых. 2 кастрычніка а 18.30 адбудзецца арганізацыйны сход на вул. Маршалкоўскай, 115, заля 121, дзе будзе вызначана, у якія дні найбольш зручна выкладчыцы і слухачам праводзіць заняткі.
Аб'ява курсаў “Давайце размаўляць па-беларуску”
Фота: facebook.com/ckb.warszawa
Яшчэ адны курсы Вольга Трацяк будзе весьці ў Адкрытым унівэрсытэце пры Варшаўскім унівэрсытэце. Гэтыя заняткі арганізуе катэдра беларусістыкі ВУ на базе аддзяленьня прыкладной лінгвістыкі ВУ. Праўда, лекцыі будуць платныя — 395 злотых за 30 гадзін навучаньня.
Варшаўскі фонд “Беларускі дом” адкрывае “Школу беларускай мовы”, у якую пачынаецца набор дзяцей на спэцыяльныя курсы “Смачная мова”. Будуць створаны дзьве групы — для дашкольнікаў і дзяцей школьнага ўзросту. Заняткі будуць праходзіць адзін раз на тыдзень і доўжыцца адну гадзіну. Плата за месяц складае 100 злотых. Дадаткова — бясплатна — будуць арганізоўвацца вечары і кінапрагляды для дзяцей і іх бацькоў. Уся неабходная літаратура і матэрыялы для заняткаў уключаны ў кошт. Запісацца на курсы можна па электроннай пошце bd.kursy@gmail.com або па тэл. 577 177 147.
Аб'ява курсаў “Смачная мова”
Фота: facebook.com/BelaruskiDom
Па ініцыятыве Караліны Лукашэвіч, жыхаркі Варшавы, выпускніцы катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта, якая мае мужа беларусы і выхоўвае сваіх дзяцей па-польску і па-беларуску, летась у сталіцы Польшчы быў адкрыты пункт навучаньня беларускай мове. Пункт дзейнічае пры школе № 395, якая знаходзіцца ў раёне Прага-Поўнач, на вул. Серакоўскага, 9, каля станцыі мэтро «Двожац Віленьскі». Зьяўленьню пункта паспрыяла тое, што Караліна Лукашэвіч працуе ў Міністэрстве нацыянальнай адукацыі Польшчы і добра ведае заканадаўства. 29 верасьня аб 11.00 адбудзецца арганізацыйная сустрэча з дырэктарам школы № 395 бацькоў, якія жадаюць прывесьці сваіх дзяцей у пункт навучаньня беларускай мове. Караліна Лукашэвіч паведаміла, што пункт навучаньня беларускай мове ў Варшаве шукае выкладчыкаў беларускай мовы, якія маюць пэдагагічную адукацыю.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл