Logo Polskiego Radia
Print

Мантажыст Таркоўскага адточваў «Хрусталь»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 13.09.2018 09:00
  • 0913 Хрусталь - М. Лешчылоўскі.mp3
Паляк Міхал Лешчылоўскі зрабіў фінальны мантаж намінаванага на «Оскар» фільма беларускі Дар’і Жук.
Кадар зь фільма «Хрусталь»Кадар зь фільма «Хрусталь»Фота: facebook.com/darya1

Фільм “Хрусталь” амэрыканскага рэжысэра беларускага паходжаньня Дар'і Жук Беларусь вылучыць на саісканьне прэміі “Оскар”. Адзін з тых, хто працаваў над стварэньнем фільма, — швэдзкі мантажыст польскага паходжаньня Міхал Лешчылоўскі.

Фільм “Хрусталь” амэрыканскага рэжысэра беларускага паходжаньня Дар'і Жук увайшоў у лідары касавага збору ў менскім кінавідэапракаце.

Стужка і яе аўтар запрошаны на больш як 20 кінафэстываляў ва ўсім сьвеце. І ў фінале чакаецца намінацыя на “Оскара” ад Беларусі.

Сусьветная прэм'ера «Хрусталя» адбылася ў чэрвені 2018 года на міжнародным кінафэстывалі ў Карлавых Варах.

Бадай, такой папулярнасьці ня зьведала яшчэ ніводная работа беларускага кінэматаграфіста. Бо Дар'я Жук не парывае сваёй сувязі зь Беларусьсю, хаця і зьехала ў ЗША дваццаць год таму.

У ЗША працуе і мантажыст Міхал Лешчылоўскі.

Міхал
Міхал Лешчылоўскі і Андрэй Андрэевіч Таркоўскі, сын вядомага кінарэжысэра Фота: архіў Міхала Лешчылоўскага

Мантажом ён займаецца 45 з 68 гадоў свайго жыцьця. У сьвеце кіно вядомы як мантажыст фільма расейскага кінарэжысэра Андрэя Таркоўскага “Ахвярапрынашэньне” — філязофскай драмы, зьнятай у 1986 годзе ў Швэцыі.

Міхал Лешчылоўскі ў Швэцыі і пазнаёміўся з Таркоўскім. У скандынаўскай краіне Лешчылоўскі жыве і працуе з 1971 года, а сам родам з польскай Лодзі.

Паводле Лешчылоўскага, “Таркоўскі пакінуў яму фільм, каб завяршыць, бо сам быў хворы”. І Лешчылоўскі паставіў апошнюю кропку ў карціне. Пасьля сьмерці Таркоўскага Лешчылоўскі зьняў пра расейскага кінарэжысэра дакумэнтальную стужку.

Яшчэ перад знаёмствам, як кажа Лешчылоўскі, ён лічыў Таркоўскага геніем: “Ён ад мяне нічому не навучыцца, а я ад яго многаму”. Супрацоўніцтва з Таркоўскім было плённае і па той прычыне, што Лешчылоўскі ведаў расейскую мову і быў адзіным у камандзе Таркоўскага, каму не патрэбен быў перакладчык. Яны пачыналі працаваць у Стакгольме, а скончылі работу ў Італіі, дзе жыў Таркоўскі.

І вось — на чарзе знаёмства з Дар’яй Жук. Ці стане Жук такой жа славутай, як Таркоўскі? Гэта пытаньне, адказ на якое мы пачуем у будучыні.

А пакуль — пытаньне да Міхала Лешчылоўскага: “Як Вы пазнаёміліся з Дар’яй Жук?”

Міхал Лешчылоўскі: Мы пазнаёміліся ў Нью-Ёрку. Бо мая жонка амэрыканка, і я там жыву па паўгода. У мяне ёсьць знаёмы кінарэжысэр — расейскі амэрыканец Дзьмітрый Тракоўскі. Ён знае Дар’ю. І ён ёй сказаў, што я акурат знаходжуся ў Нью-Ёрку. Яна ў той час якраз заканчвала свой фільм. Маёй спэцыялізацыяй зьўляецца якраз шліфаваньне фільма, так бы мовіць, перад выхадам яго да гледача. Ствараючы фільм, цяжка ўбачыць адразу ўсе яго няроўнасьці. А такія людзі, як я, зь незамыленым вокам, лепш гэта бачаць. І так мы паўтара года таму пазнаёміліся. Але Дар’я пра мяне раней ведала, толькі ня ведала тады, што я знаходжуся ў Злучаных Штатах.

Як Вы працавалі над фільмам “Хрусталь”?

Міхал Лешчылоўскі: Мантаж — гэта як бы трэці дзень нараджэньня фільма. Першы — гэта сцэнарый, другі — здымкі. А трэці — гэта мантаж. І ў гэтай справе няма нічога агульнага з тэхнікай. Трэба проста адчуць, у якой пасьлядоўнасьці, зь якім рытмам і тэмпам трэба прадставіць апавяданьне, што ў гэтым расказе важнае, а што менш важнае. Глядач у кіно, якое выходзіць на экран кінатэатра, бачыць ад 2 да 5 працэнтаў адзьнятага матэрыялу. Хтосьці мусіць 95 працэнтаў адняць ад фільма і пакінуць галоўны зьмест апавяданьня. І гэта не такая простая справа. Гэта вельмі інтуітыўная прафэсія. Трэба мець музычнае вуха і сэрца, я б так сказаў. Адчуваць герояў і іх змаганьні зь лёсам. І калі Дар’я дала мне зманціраваны фільм, то я ўбачыў, што ён яшчэ ня скончаны. І на гэта ёсьць прычыны. Гэта і час. І стомленасьць ад матэрыялу. І вернасьць свайму сцэнарыю і намерам.

Дар'я
Дар'я Жук Фота: facebook.com/darya1

Беларуска-нямецка-амэрыканска-расейскі фільм Дар’і Жук “Хрусталь” пра Беларусь 1990-х гадоў.

Творчая дзяўчына ды-джэй Веля зь Менска марыць зьехаць у Амэрыку. У пасольства неабходна падаць дакумэнты аб афіцыйным месцы працы і зарплаце, каб даказаць «моцную сувязь з радзімай». У выніку памылкі ў падробленай даведцы зь месца працы, Велі даводзіцца правесьці тыдзень у незнаёмай сям'і зь невялікага заводзкога гарадка. Менавіта туды будуць тэлефанаваць з пасольства...

Кіно — пра амэрыканскую мару і пра постсавецкую безнадзейнасьць, зь якой хоча вырвацца беларуска. “А чым Вас зацікавіў гэты фільм?” — цікаўлюся ў Міхала Лешчылоўскага, які таксама ў свой час вырваўся з камуністычнай Польшчы “ў вольную Эўропу”, а потым у ЗША, бо хацеў падарожнічаць, пазнаваць сьвет без граніц.

Міхал Лешчылоўскі: Мне гэты фільм вельмі спадабаўся. Па той прычыне, што я ведаў, што яе гераіня — гэта маладая асоба, падлетак, які мае нейкія веды, але зусім ня ведае, якія наступствы можа мець жыцьцё. Галоўная гераіня мае свае мары, вынайдзеныя мэты. І я пазнаў у гэтым сябе і многа людзей, якіх знаю. Я працаваў з тэатральным драматургам, які ў адным са сваіх твораў напісаў, што мы, людзі, вельмі да сябе падобныя, толькі паказваем гэтыя падабенствы па-рознаму. І з такой устаноўкай я падышоў да працы над “Хрусталём”. Мне з Дар’яй добра працавалася. Яна ўпартая ў добрым сэнсе гэтага слова. Але элястычная інтэлектуальна — намнога больш, чым іншыя людзі, якіх я знаю ў гэтай сфэры. Яе кіно — гэта раман пра час, якога ўжо няма. Гэта рэмінісцэнцыі з пэрыяду саветызму. Гэта вельмі файнае перажываньне, толькі не надзьмутае, а нармальны раман пра нармальнае жыцьцё. І было вельмі файна за гэтым “падглядаць”.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт