Logo Polskiego Radia
Print

«У Вільні ўжо няма чыстых беларусаў»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.08.2018 10:00
  • 0830 Варшаўскі мост. Вільня - М. Русак.mp3
Міраслава Русак, дачка Станіслава Станкевіча-Кнігара, — пра беларуска-польскія адносіны ў Вільні.
ВільняВільняФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Да 1939 года адным зь нямногіх цэнтраў беларускага культурнага жыцьця ў Вільні, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, была беларуская кнігарня Станіслава Станкевіча. Гэтага чалавека таму і называлі — Кнігар.

Сёньня ў Вільні жыве яго дачка — Міраслава Русак. Яна параўноўвае пакаленьні даваенных і сучасных беларусаў у сталіцы Літвы.

Міраслава Русак: Цяпер жа шмат беларусаў, якія прыехалі зь Беларусі, мовы ня ведаюць, а некаторыя і ведаць ня хочуць, некаторыя на трасянцы размаўляюць.

Беларусы той пары і цяперашнія адрозьніваюцца мовай, усім. Тады яны адчувалі сябе беларусамі, ведалі гісторыю Беларусі, яны ведалі, хто яны, што яны, адкуль яны. А цяпер прыяжджаюць зь Беларусі і кажуць: “Навошта вам беларуская школа?” Ну як навошта? Нам жа трэба захаваць беларускасьць, беларускую мову. Можна зьнікнуць, як дзясяткі нацый зьнікла, але гэтага ня хочацца, шчыра кажучы. Тым часам тыя беларусы, якія прыбылі зь Беларусі, асымілююцца: ажаніўшыся то з польскай, то з расейкай, то зь літоўкай. У Вільні ўжо няма чыстых беларусаў.

Пасьля 1944 года, калі ў Вільню вярнулася савецкая ўлада, усе беларускія арганізацыі і ўстановы былі закрыты.

У сталіцы Літвы і ваколіцах не спынялася польскае культурнае жыцьцё. Польскія школы дзейнічалі і ў савецкі час.

Дагэтуль многія жыхары рэгіёна гавораць дома па-беларуску, хаця лічаць сябе палякамі. Сваю ж мову называюць не беларускай, а “простай”.

Міраслава Русак адзначае, што з 1944 года беларуская нацыянальная сьвядомасьць захоўвалася толькі ў паасобных сем’ях жыхароў Вільні.

Міраслава Русак: У 1944 годзе, калі было зьнішчана ўсё беларускае, мне было 10 гадоў. Я пачала вучыцца па-расейску і ня ведала гэтай мовы зусім. А беларуская мова была хатняя, мы ў хаце заўсёды размаўлялі па-беларуску. Я нават не разумела, калі мне гаварылі: “Ой, як прыгожа вы размаўляеце па-беларуску!” А я ж лічыла, што мая мова бедная. І ў той жа час я адчувала розьніцу ў вымаўленьні ў беларускай мове нашай, віленскай, і ў тых людзей, якія прыяжджалі зь Беларусі.

Міраслава
Міраслава Русак Фота: архіў Міраславы Русак

Міраслава Русак сьведчыць, што на Віленшчыне яшчэ многа людзей, якія гавораць па-беларуску, але лічаць сябе палякамі. І вось чаму.

Міраслава Русак: Пры Польшчы і пазьней была такая палітыка. А пасьля не было нідзе беларускай імшы. Беларускія ксяндзы былі арыштаваны, вывезены або наогул загінулі. Беларусы хадзілі ў польскі касьцёл, можна так сказаць. І з часам зрабіліся палякамі. Па-польску малітвы ведаюць.

Часам настаўнікі, а я настаўніца, пытаюць бацькоў дзяцей, якія прыйшлі ў першую клясу, а польскай мовы ня ведаюць: “Чаму вы прыйшлі ў польскую клясу?” А маці адказвае: “Я ж хачу, каб маё дзіця разумела малітву, якую гавораць кожную раніцу”.

І яны, каторае ўжо пакаленьне, адчуваюць сябе палякамі.

Я выйшла замуж за праваслаўнага. І чую, мужавы сваякі кажуць: “Міша ажаніўся з полькай”. Я кажу: “Якая ж я полька?” — “Ты ж у касьцёл ходзіш”. — “Чаму я не гішпанка, не італьянка, чаму толькі полька?” Замаўчалі. Бачыце, як людзі лічылі? Ходзіць у касьцёл — значыць, ён polskiej wiary.

А цяпер у нас, у Вільні, ёсьць беларускі касьцёл зь беларускай імшой — на Зарэччы (Ужупісе). Ёсьць яшчэ касьцёлы, дзе толькі польскія набажэнствы. Ёсьць ва ўсіх літоўскіх касьцёлах імша па-польску. Хапае ім. Маюць 16 ці 17 касьцёлаў у Вільні, а ў беларусаў адзін.

Дык перасталі хадзіць так званыя палякі ў беларускі касьцёл, бо там няма польскай імшы. Але іх продкі ў мінулым былі беларусамі.

Але куды дзенешся? Такое жыцьцё. Паглядзіце, колькі пакаленьняў прайшло пра польскі касьцёл. Беларускіх школаў не было. У касьцёле імшы не было беларускай. Не было ні музэя, ні газэтаў, ні часопісаў, ну нічога ж не было. У 1944 годзе ўсё беларускае было ліквідавана. І гэтыя акалічнасьці паўплывалі на людзей.

І палякі праводзілі такую палітыку, што ты — паляк, які гаворыць на простай мове. А простая мова — гэта горшая.

І ў той жа час беларусы ў Менску размаўляюць па-расейску, а не па-беларуску. У гэтым крышачку ня іх віна, таксама, як і тут. Мне здаецца, усё вельмі падобна.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Аўтар выказвае падзяку Аляксандру Адамковічу і Валянціну Стэху за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт