25 жніўня памёр амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн (John McCain), які на працягу апошніх гадоў рэзка крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі і падтрымліваў дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Маккейн таксама падтрымліваў палітыку Польшчы і Ўкраіны накіраваную на стрымліваньне расейскай агрэсіі ва Ўсходняй Эўропе.
Джон Маккейн пачынаў сваю кар'еру як лётчык, удзельнік вайны ў Віетнаме. У 2008 годзе ён вылучаўся падчас выбараў прэзыдэнта ЗША. Палітык прадстаўляў Рэспубліканскую партыю.
Сэнатар памёр на 82-м годзе жыцьця ў сваім доме ў штаце Арызона. З 2017 года Маккейн пакутаваў ад агрэсіўнай формы раку галаўнога мозга. Аднак пэўны час пасьля гэтага сэнатар яшчэ працягваў весьці актыўную палітычную работу ў сэнацкім камітэце па справах узброеных сіл.
Джон Маккейн быў адным з найбольш вядомых амэрыканскіх палітыкаў ва Ўсходняй Эўропе. У сваёй дзейнасьці ён зьвяртаў пільную ўвагу на наш рэгіён. Яго непакоіла агрэсіўная палітыка Расеі ва Ўкраіне, парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Дзьмітрый Бандарэнка за кратамі
Фота: palitviazni.info/asoba/zmicier-bandarenka
Маккейн заўсёды выступаў прыхільнікам дэмакратычных перамен у Беларусі, у сувязі з чым крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Сэнатар неаднаразова выказваўся супраць разгону мірных дэманстрацый у Менску.
З сэнатарам Маккейнам быў асабіста знаёмы Дзьмітрый Бандарэнка, былы палітвязень, а цяпер каардынатар грамадзкай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”.
Дзьмітрый Бандарэнка ўспамінае, што сэнатар Маккейн цікавіўся ня толькі агульнымі пытаньнямі палітычнага жыцьця Беларусі, але і лёсам удзельнікаў дэмакратычнага руху: «Маккейн быў сябрам дэмакратычнай Беларусі».
Дзьмітрый Бандарэнка ўспамінае пра ролю, якую амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн адыграў у яго лёсе, а таксама лёсах іншых удзельнікаў дэманстрацыі, якая адбылася ў Менску 19 сьнежня 2010 года і была жорстка разагнана міліцыяй, а многія яе ўдзельнікі апынуліся за кратамі, у тым ліку і сам Бандарэнка.
Разьвітаньне з сэнатарам Маккейнам адбудзецца ў некалькі этапаў.
Труну зь целам нябожчыка выставяць для разьвітаньня грамадзкасьці з палітыкам 29 жніўня ў сталіцы Арызоны — Фэніксе. 30 чэрвеня ў баптысцкай царкве ў Фэніксе адбудзецца памінальная служба.
Затым труну даставяць у Вашынгтон, дзе 31 жніўня пад купалам Капітолія на працягу шасьці гадзін амэрыканцы змогуць аддаць апошнюю даніну павагі памерламу. 1 верасьня ў Нацыянальным саборы ў Вашынгтоне пройдзе галоўная мэмарыяльная служба з удзелам сям'і, сяброў і членаў Кангрэса ЗША, а таксама амэрыканскіх і замежных высокапастаўленых асоб. Пахаваньне Маккейна адбудзецца 2 верасьня на могілках Ваенна-марской акадэміі ў Аннаполiсе, у штаце Мэрылэнд.
26 жніўня 2018 г., Вашынгтон. Прыспушчаныя сьцягі ў памяць пра Джона Маккейна Фота: EPA/JIM LO SCALZO
Прэзыдэнт Дональд Трамп ня будзе прысутнічаць на пахаваньні сэнатара Джона Маккейна. Але праз сацыяльныя сеткі даслаў сям’і памерлага спачуваньні.
Маккейн сам завяшчаў не запрашаць на разьвітальную цырымонію Трампа. Абодва палітыкі былі жорсткімі апанэнтамі.
На цырымоніі разьвітаньня з Маккейнам будзе прысутнічаць віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс.
Паводле волі нябожчыка, на пахаваньне запрошаны былыя амэрыканскія прэзыдэнты Джордж Буш-малодшы і Барак Абама, нягледзячы на тое, што тыя былі супернікамі Маккейна на прэзыдэнцкіх выбарах.
вк
Слухайце далучаны гукавы файл