Logo Polskiego Radia
Print

А. Дуда заклікаў 20 млн палякаў вяртацца на радзіму

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.08.2018 15:55
  • 0823 А. Дуда ў Новай Зэляндыі.mp3
Прэзыдэнт Польшчы завяршыў візыт у Аўстралію і Новую Зэляндыю.
23 жніўня 2018 г., Вэлінгтон. А. Дуда адкрывае сквэр Польскіх Дзяцей23 жніўня 2018 г., Вэлінгтон. А. Дуда адкрывае сквэр Польскіх ДзяцейФота: PAP/KPRP/Jakub Szymczuk

Прэзыдэнт Польшчы завяршыў візыт у Аўстралію і Новую Зэляндыю, які доўжыўся тыдзень. Кіраўнік краіны сустрэўся зь мясцовымі палякамі, а таксама правёў перагаворы зь дзелавымі коламі дзьвюх краін.

Так прывіталі прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуду ў новазэляндзкім горадзе Оклэндзе, дзе кіраўнік дзяржавы ўсклаў квекі да мэмарыяла салдатам Другой сусьветнай вайны.

Сюды Анджэй Дуда прыбыў з Аўстраліі. Адным зь фінальных пунктаў візыту ў гэту краіну стала адкрыцьцё ў Сыднэі офіса Польскага агенцтва па інвэстыцыях і гандлі. Офіс разьмешчаны на 29-м паверсе аднаго з гмахаў у прэстыжным фінансавым раёне Сыднэя. Прэзыдэнт агенцтва Томаш Пісуля, які адкрыў офіс разам з прэзыдэнтам Польшчы, паведаміў, што стаіць мэта прыцягнуць польскіх інвэстараў у Аўстралію.

Томаш Пісуля: Палякі жывуць у Аўстраліі на працягу многіх гадоў. Аднак эканамічнае супрацоўніцтва яшчэ мае нявыкарыстаны патэнцыял. Аўстралія — гэта вялікі, цікавы, багаты рынак.

Анджэй Дуда прыняў удзел у аўстралійска-польскім энэргетычным форуме ў Сыднэі. Прэзыдэнт заклікаў энэргетычныя кампаніі з Аўстраліі супрацоўнічаць з польскімі інвэстарамі. Анджэй Дуда дадаў, што хоць польская эканоміка працуе на вугалі, аднак у краіне адбываюцца тэхналягічныя перамены.

Анджэй Дуда: Польскі энэргетычны сэктар цяпер перажывае пэрыяд самых інтэнсіўных зьмяненьняў у гісторыі. Дзякуючы намаганьням па дывэрсыфікацыі Польшча ўжо імпартуе вялізную колькасьць звадкаванага прыроднага газу праз наш тэрмінал у Сьвінауйсьці. Мы таксама будуем газаправод Baltic Pipe, які будзе перапампоўваць газ з Нарвэгіі. У рамках ініцыятывы “Трохмор’е” мы маем намер стаць энэргетычным цэнтрам для Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Паводле даных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўленьня Польшчы, у 2017 годзе гандлёвы абарот з Аўстраліяй склаў амаль 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў ЗША.

23
23 жніўня 2018 г., Вэлінгтон. А. Дуда з польскімі дзецьмі Фота: PAP/KPRP/Jakub Szymczuk

З 21 жніўня прэзыдэнт знаходзіўся з афіцыйным візытам у Новай Зэляндыі. Польшча хацела б актывізаваць эканамічнае супрацоўніцтва з гэтай краінай.

Прэм'ер-міністар Новай Зэляндыі Джасында Ардэрн і прэзыдэнт Польшчы ў Оклэндзе падпісалі чатыры пагадненьні аб супрацоўніцтве.

Кіраўнік урада Новай Зэляндыі падкрэсьліла, што будучае пагадненьне аб свабодным гандлі паміж Вэлінгтонам і Брусэлем можа павялічыць магчымасьці супрацоўніцтва з Польшчай.

Джасында Ардэрн: Дасягненьне добрага і шырокага пагадненьня аб свабодным гандлі з Эўрапейскім зьвязам стане магутнай плятформай для гандлю і будучых інвэстыцый з Польшчай. Гэта будзе азначаць больш працоўных месц і лепшую якасьць жыцьця як для Новай Зэляндыі, так і для палякаў. Мы спадзяёмся, што перагаворы скончацца станоўчым вынікам.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда заявіў аб падтрымцы пагадненьня Вэлінгтона і Брусэля і аб гатоўнасьці Польшчы да новых форм супрацоўніцтва.

Анджэй Дуда: Я разьлічваю на тое, што ўсё больш палякаў зможа рэалізаваць сваю мару пабываць у розных кутках сьвету і змогуць у сваіх турыстычных плянах улічыць таксама і Новую Зэляндыю. Бо вядома, што прыбыцьцё і знаходжаньне тут патрабуе пэўнага ўзроўню заможнасьці. Палякі — гэта грамадзтва, якое яшчэ зарабляе свой капітал. Але сытуацыя паляпшаецца.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда прыняў удзел у адкрыцьці сквэру Польскіх Дзяцей у Вэлінгтоне — сталіцы Новай Зэляндыі. Сквэр названы ў гонар больш як сямісот сірот, якія прыехалі ў Новую Зэляндыю падчас Другой сусьветнай вайны, уцякаючы з Савецкага Саюза.

“Дзеці з Пах’ятуа” — пад такой назвай яны вядомы ў гісторыі. У Новай Зэляндыі яшчэ жывуць некаторыя зь іх.

Падчас цырымоніі ў Вэлінгтоне прадстаўнікі арганізацыі “Дзеці з Пах’ятуа” перадалі прэзыдэнту Польшчы сьцяг, які выкарыстоўваўся падчас бітвы пры Монтэ-Касына ў Італіі. Анджэй Дуда ўдастоіў траіх зь іх дзяржаўных узнагарод.

Адзін з узнагароджаных Зьдзіслаў Ляпёнка расказаў пра шлях польскіх дзяцей зь Сібіры праз Іран і Індыю ў Новую Зэляндыю.

Зьдзіслаў Ляпёнка: Мы прыбылі ў Новую Зэляндыю без бацькоў, якія маглі б нас увесьці ў дарослае жыцьцё. Але тое, што мы былі сіротамі, дало нам адвагу. Мы змаглі без усякай дапамогі дабіцца ўсяго ў жыцьці самі.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда падзякаваў прадстаўнікам групы “Дзеці з Пах’ятуа”.

Анджэй Дуда: Вы зьяўляецеся годнымі прадстаўнікамі Польшчы тут, у Новай Зэляндыі. Як прэзыдэнт Рэспублікі, я вам вельмі ўдзячны. Польшчу дзякуючы вам тут паважаюць. Вы таксама зьяўляецеся дастойнымі грамадзянамі Новай Зэляндыі.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда падзякаваў уладам Новай Зэляндыі за клопат аб польскіх дзецях.

Прэм'ер-міністар Новай Зэляндыі Джасында Ардэрн падкрэсьліла, што грамадзтва Новай Зэляндыі адкрытае і гасьціннае.

Джасында Ардэрн: Гісторыя дзяцей з Пах’ятуа — гэта алюстраваньне таго шляху, які прайшла Новая Зэляндыя і яе людзі. Мы — краіна, якая была створана як карэннымі народамі, так і мігрантамі. І сярод іх мая сям'я. Гісторыя дзяцей з Пах’ятуа — прыклад духу адкрытасьці, які пануе тут.

22
22 жніўня 2018 г., Оклэнд. А. Дуда з польскай дыяспарай Фота: PAP/KPRP/Jakub Szymczuk

Прэзыдэнт Анджэй Дуда падчас сустрэч з прадстаўнікамі польскай дыяспары заклікаў землякоў вяртацца на бацькаўшчыну.

Анджэй Дуда: Нас па-за межамі Польшчы 20 млн. Калі б мы ўсе вярнуліся, то склалі б 60-мільённую нацыю. І гэта ня жарт. Бо тады мы былі б у маштабе Эўропы сілай.

Сустрэча з палякамі стала апошнім пунктам візыту прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Новую Зэляндыю.

IAR/вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт