У Менску зноў дамовіліся пра бестэрміновае перамір’е на Данбасе
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
23.08.2018 08:11
Пра гэта паведаміла прэс-сакратар прадстаўніка Ўкраіны ў кантактнай групе Дарка Аліфер.
ДанбасAliaksandr Papko/radyjo.net
Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе дамовілася аб бестэрміновым спыненьні агню з 29 жніўня. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар прадстаўніка Ўкраіны ў кантактнай групе Дарка Аліфер.
„Кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей пацьвярджае сваю поўную прыхільнасьць бестэрміноваму спыненьня агню ў сувязі з пачаткам навучальнага году пачынаючы з поўначы 29 жніўня 2018 году. Для маніторынгу бакі таксама абавязваюцца гарантаваць надзейны й бясьпечны доступ АБСЭ па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, адпаведна яе мандату”, - напісала Аліфер на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Пры гэтым Аліфер адзначыла, што на працягу папярэдняга перамір’я, якое было абвешчана 1 ліпеня, украінскі бок зафіксаваў амаль паўтары тысячы абстрэлаў з боку сэпаратыстаў, у тым ліку з забароненай менскімі дамовамі зброі - ракетных установак „Град”, танкаў, артылерыі й мінамётаў.
Паводле ўкраінскага боку, міру на Данбасе немагчыма дабіцца без поўнага спыненьня паставак зброі, боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў з Расеі, у той час як „цяпер такія пастаўкі працягваюцца”. У сваю чаргу Крэмль гэтыя абвінавачваньні адпрэчвае.
svaboda.org/аз